Ужо праз два месяцы будуць зацверджаныя імёны новых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Тым часам ідзе працэс вылучэння кандыдатаў.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Фота Надзеі Бужан.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Фота Надзеі Бужан.

Нагадаем, што кандыдаты ў дэпутаты вылучаюцца трыма шляхамі.

Спачатку ў гульню ўступаюць тыя, хто вырашае збіраць подпісы жыхароў раёна. Пасля да іх дадаюцца тыя, хто вылучаецца ад «працоўных калектываў», а таксама прадстаўнікі палітычных партый, зацверджаныя на з’ездзе.

Прадстаўнікі «спіса ўлады» звычайна абіраюць ажно два, а то і тры шляхі адначасова. Для іх важна прадэманстраваць народную падтрымку, таму яны амаль заўжды збіраюць подпісы.

Ад Мінска будзе абрана 20 дэпутатаў. Праўда, у некаторых акругах спісы прэтэндэнтаў яшчэ не зацверджаныя.

Шабаноўская акруга №91

Тут пакуль што, бадай, самы непрадстаўнічы склад кандыдатаў. Спрабуе прабіцца ў парламент дырэктарка Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Галіна Лагунова. Сярод супернікаў — дырэктарка школы ад праўладных камуністаў і малады дырэктар прыватнай кампаніі.

Аўтазаводская акруга №92

Фаварыт — намеснік генеральнага дырэктара МАЗ Аляксандр Гранкоўскі. Яшчэ збіраюць подпісы дырэктарка кулінарнага каледжа і начальнік адміністратыўнага комплекса Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Васняцоўская акруга №93

Тут пакуль збіраюць подпісы толькі два чалавекі — намесніца галоўнага доктара 5-й бальніцы Марына Шкроб і намесніца дырэктара Упраўлення механізацыі №79.

Свіслацкая акруга №94

Пераабіраецца былы пасол у Аўстрыі Валер Варанецкі. Змагаецца з ім дырэктарка школы.

Купалаўская акруга №95

Таццяна Сайганава папярэдні раз абіралася ад Беларускай патрыятычнай партыі казака Улаховіча, працавала тады намесніцай дырэктара «Камунаркі». Яна зноў ідзе на выбары. Супернік ад Партыі БНФ — Рыгор Кастусёў.

Грушаўская акруга №98

Тут пераабіраецца дэпутатка Людміла Макарына-Кібак, колішняя дырэктарка РНПЦ отарыналарынгалогіі.

Паўднёва-Заходняя акруга №99

Таксама аніякай інтрыгі — пераабіраецца дэпутат Ігар Камароўскі. Ён быў намеснікам дырэктара Мінскага вагонарамонтнага завода. Праходзіць па квоце Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Ясенінская акруга №100

І ў трэцяй акрузе ў Маскоўскім раёне Мінска дэпутат, як чакаецца, застанецца тым самым. Аксана Гайдук раней працавала першай намесніцай мінскага «Гаррэмаўтадара».

Старавіленская акруга №105

Тут балатуецца суддзя Вярхоўнага суда Святлана Любецкая. Самы прадстаўнічы кандыдат ад апазіцыі — выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў.

Коласаўская акруга №106

Кандыдатам ад улады выглядае першы прарэктар БДУІР Сяргей Дзік. Яго супернікі — дырэктарка каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама пенсіянер з прафсаюза пчаляроў і два беспрацоўныя апазіцыянеры, Алесь Круткін і прыхільнік Статкевіча Сяргей Спарыша (аказваецца, яго прозвішча пішацца менавіта так).

Усходняя акруга №107

Старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька не мог апынуцца тут проста так. Канкурэнт ад апазіцыі — лідар «Руху за Свабоду» Юрась Губарэвіч, якога шмат хто бачыць будучым кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах. Яшчэ ёсць машыніст і дырэктарка школы.

Каліноўская акруга №108

Тут самы спецыфічны набор кандыдатаў. У прыватнасці, ёсць лідар ЛДПБ Алег Гайдукевіч. Яго ледзь не пусцілі ў папярэдні склад парламента — ніводзін з кандыдатаў ад улады нават не збіраў подпісы па яго акрузе. Але ў апошні момант з Аўстрыі прыляцеў былы пасол Валер Варанецкі, якога ў выніку і прапусцілі ў Палату прадстаўнікоў.

Цяперашнія канкурэнты Гайдукевіча — дырэктар Рэмаўтадара Першамайскага раёна і старшыня дабрачыннай арганізацыі «Клуб львоў». А таксама актывіст «Еўрапейскай Беларусі», абаронца Курапатаў Леанід Кулакоў.

Уручская акруга №109

Пакуль што дэпутат ад гэтай акругі — вайсковец Сяргей Бобрыкаў. Перад выбарамі ён кіраваў Вайсковай акадэміяй, узначальваў Беларускі саюз афіцэраў. Цяпер у дэпутаты ідзе новы старшыня Саюза афіцэраў, Іван Гардзейчык.

Пакуль у яго толькі адна суперніца — рэжысёрка Вольга Мікалайчык.

Партызанская акруга №110

Вызначаць будучага пераможцу на беларускіх выбарах нескладана. Выключэнні часам здараюцца, калі вырашаюць балатавацца селебрыці.

Напрыклад, на выбары вырашыў пайсці тэлевядучы АНТ Тэнгіз Думбадзэ (дарэчы, ён ураджэнец Беларусі). Апроч таго, подпісы збіраюць рэктар Мінскага каледжа прадпрымальніцтва Віктар Малатоўнік і камуніст Валерый Ухналёў. Ёсць нават старшыня Лігі камуністычнай моладзі Беларусі. Сярод апазіцыянераў — папулярная журналістка Ірына Халіп і Віктар Янчурэвіч з «Руху за Свабоду».

Чытайце артыкулы за 2016 год:

110 кандыдатаў, якія будуць «абраныя» ў парламент — праверце спіс пасля выбараў

96%: «Наша Ніва» адгадала пераможцаў выбараў на 106 акругах

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?