Беларускае грамадства абмяркоўвае публікацыю расійскага «Камерсанта», які песімістычна апісаў будучыню Беларусі са спасылкай на ўласныя крыніцы — паводле нібыта атрыманай праграмы эканамічнай інтэграцыі, наша эканоміка ў бліжэйшыя гады фактычна стане злітай з расійскай.

Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі ў адказ абвінаваціла «Камерсант» у «пустых журналісцкіх штампах». 

Чытайце: Наталля Эйсмант пра «канфедэрацыю»: Мы ідзём на эканамічна мэтазгодныя крокі. Але незалежнасць — святое

А што пра гэта думаюць прафесіяналы? 

«Наша Ніва» папрасіла пракаментаваць тэзісы матэрыяла старшыню Рэспубліканскага клуба фінансавых дырэктараў Андрэя Карпуніна. Ён таксама бярэ ўдзел у законатворчасці — сябар рабочай групы па падрыхтоўцы прапановаў аб комплекснай карэкціроўцы Падатковага кодэкса Беларусі. 

Карпунін ацэньвае інфармацыю «Камерсанта» як нерэалістычную. 

Андрэй Карпунін, фота belgazeta.by

Андрэй Карпунін, фота belgazeta.by

«Правяду аналогію: вось у вас у руках дзве семкі — вонкава яны падобныя, вы іх не адрозніваеце. Гэта Падатковыя кодэкс і Грамадзянскі кодэксы. Вы і ваш сусед пасадзілі іх 25 год таму. Ну першыя гады росту яшчэ не зразумела, што з іх вырасце — мы тады пачыналі з вельмі падобных мадэляў. Але праз 25 год зразумела, што ў кагосьці вырас каштан, груба кажучы, у кагосьці — дуб. Нашы сістэмы падатковага і грамадзянскага заканадаўства развіваліся вельмі па-рознаму.

І цяпер скрыжаваць дуб з каштанам і сказаць, што гэта дрэва жыццяздольнае? Нешта фантастычнае. 

Мы не рэсурсная краіна, механізмы напаўняльнасці нашых бюджэтаў розныя! Кодэксы ў асобных раздзелах адрозніваюцца на добрых 40%. І практыка, і стаўкі, і льготы ў нас адрозніваюцца вельмі моцна. 

І мне абсалютна зразумела, што ніводная з краін не гатовая пераходзіць на кодэкс іншай. Нашыя практыкі напрацаваныя, яны задавальняюць патрэбы жыцця ў невялікай краіне і вялізнай федэрацыі.

Я магу паверыць, што можна скласці нейкі апісальны шкілет наднацыянальнага падатковага кодэкса, але ён не будзе ўплываць на рэальную стратэгію. Я бачу, як тут можна наламаць дроваў і нашкодзіць, але як стварыць нешта такое, каб яно прыносіла карысць — не бачу. 

Можна глянуць на досвед Еўрасаюза як найбольш прагматычны і дасяжны для аналіза: за мінулыя 30 год яны не спрабавалі зламаць кожную нацыянальную сістэму, але маюць практыку прымянення наднацыянальных дырэктыў. У гэтых рамках яны спрабавалі знаходзіць кампрамісы між усімі ўдзельнікамі: нейкія краіны вымушаны былі пастрожыць нацыянальнае заканадаўства, а некаторыя, наадварот, змякчылі яго. Гэта ў іх заняла 30 год!

Але ў іх ёсць і Еўрапарламент, і Еўракамісія. А калі мы гаворым пра нас, то ў нас ёсць ЕАЭС, у рамках якога частка гэтых працэсаў і так адбываецца. А тут што, з'яўляецца яшчэ адна галіна, якую трэба неяк укручваць унутр існуючага ўнутранага заканадаўства і заканадаўства ЕАЭС? Я не бачу ні рэальнай магчымасці, ні патэнцыяла ў гэтага», — мяркуе Карпунін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?