80 гадоў таму адбылася адна з найбольш значных падзей у гісторыі нашай краіны — аб’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. І па сёння наконт той падзеі не сціхаюць гістарычныя спрэчкі. Адны ўважаюць гэтую дату як свята, іншыя кажуць пра шматлікія ахвяры, якія прынесла 17 Верасня. Пра значнасць падзеі мы пагутарылі з гісторыкам Анатолем Сідарэвічам.

«Наша Ніва»: Як так сталася, што Беларусь аказалася падзеленайі між Расіяй і Польшчай?

Анатоль Сідарэвіч: Грунтоўную гісторыю падзелаў Беларусі яшчэ ніхто не напісаў. Беларускія землі дзялілі кайзер і Літва, кайзер і Украіна (1918). У 1919 годзе тры губерні сабе адарвала бальшавіцкая Расія. Потым яна дзяліла нашы землі з Літвой і Латвіяй (1920),

а таксама з Польшчай (1921). Гэты апошні падзел некаторыя называюць пактам Пілсудскага — Леніна. Думаецца, тэрмін слушны.

Нарэшце ў 1923 годзе новыя ўсходнія межы Польшчы асвяцілі сваім рашэннем амбасадары Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Японіі. Праўда, і Беларусі што-колечы засталося: шэсць няпоўных паветаў Мінскай губерні ды дробныя часткі Вілейскага павета Віленскай губерні.

«НН»: Ці варта прызнаваць легітымнасць Рыжскай дамовы?

АС: Калі прызнаваць права Польшчы на рыжскую мяжу, то трэба адмовіцца ад тэрытарыяльнай цэласнасці нашай дзяржавы. Зрэшты, Рыжская дамова была скасавана Савецкім Саюзам 17 верасня 1939 года. А потым былі Ялта і Патсдам, былі дамовы аб мяжы паміж СССР і Польскай Народнай Рэспублікай, была Нарада ў Хельсінках (1975), якая прызнала прынцып непарушнасці паваенных межаў. Я маўчу пра сумнавядомы Будапешцкі мемарандум. Калі пэўная частка палякаў і сёння глядзіць на Беларусь як на крэсы, то ім трэба нагадваць пра ўсе гэтыя акты. Калі гэтыя акты не прызнаваць, то Польшчы давядзецца адмовіцца ад натуральнай мяжы па Одры і Нысе, аддаць Нямеччыне ладны кавалак сваіх цяперашніх заходніх і паўночных земляў. Гэтыя землі Польшча атрымала ў якасці кампенсацыі за страты на ўсходзе. Я чытаў у кнізе ўспамінаў Войцеха Ярузельскага, што мудры Чэрчыль у час вайны сказаў дзеячам польскага эміграцыйнага ўрада: «у 1920-м Польшча надта далёка зайшла на ўсход».

«НН»: Як жылося простым беларусам пры польскай уладзе? Сапраўды, дзверы каўбасой падвязвалі?

АС: І блінцы на тры бакі маслам мазалі… А калі адкінуць жарты, то ўспамінаецца сустрэча ў 2011 годзе з апошнімі жыхаркамі вёскі Забярэззе Пінскага раёна. Гэта спецыфічная вёска, колішні фальварак, частка маёнтка Ежы Асмалоўскага, таго самага Асмалоўскага, які ў 1919—1920 гадах стаяў на чале польскай акупацыйнай улады ў Беларусі, быў генеральным камісарам цывільнай управы ўсходніх земляў. Работнікамі ў фальварку былі выключна рыма-католікі, якія прыехалі ці не з Віленшчыны. І вось, удовы гэтых католікаў, калі гаворка зайшла пра «польскі час», сказалі мне і лінгвісту Юрыю Чарнякевічу: нічога добрага ад іх, палякаў, мы не бачылі. Гэта гучала (для мяне, прынамсі) нечакана, бо іхнія мужы-католікі, якіх я ведаў з маленства, пісаліся палякамі. (А гаворка ў Забярэззі, адзначу ў дужках, была амаль акадэмічна беларуская.)

Нэндза ў нас, у паўночнай частцы Піншчыны, была жахлівая. Не думаю, што значна лепш было ў іншых мясцовасцях Заходняй Беларусі. Беззямелле, малазямелле, шматлікія падаткі, штрафы… Грошы з Заходняй Беларусі ішлі на разбудову метраполіі, на ўтрыманне немалога, але тэхнічна адсталага войска і ўтрыманне на захопленых землях велізарнага адміністрацыйнага і карнага апарату. Ну, і на польскія школы, якія разглядаліся як сродак асіміляцыі нашага народа. Польскім настаўнікам жылося непараўнальна лепш, чым савецкім, хоць і тыя, і тыя выконвалі дзяржаўны заказ.

Я быў бы неаб’ектыўны, калі б сказаў, што не было настальгіі па «польскім часе». Трапіўшы ў калгасны прыгон, мае землякі сумавалі не так па Польшчы з Пілсудскім і Масціцкім, як па тым часе, калі яны мелі сваю зямлю і былі гаспадарамі на ёй.

Пасля таго, як Мікіта Хрушчоў увёў гарантаваную аплату працы ў калгасах і пенсіі для калгаснікаў, настальгія выпарылася і з’явіліся жарты пра дзверы, завязаныя каўбасой, і блінцы, на тры бакі мазаныя. Маладыя падсмейваліся са старых. Адбылася саветызацыя майго пакалення заходніх беларусаў.

«НН»: А як жылося тым беларусам, якія адствойвалі сваю беларускасць? Ці была Польшча рэпрэсіўнай дзяржавай у дачыненні беларускіх палітычных дзеячаў?

АС: Тут два пытанні. Адказваю на першае. Былі ў Польшчы такія дзеячы, як Вінцэнты Вітас і Войцех Карфанты. Першы з іх займаў пасаду прэм’ер-міністра з ліпеня 1920-га па верасень 1921-га — у час, калі бальшавікі ішлі на Варшаву, калі іх з французскай і амерыканскай дапамогай ад Варшавы адкінулі да Мінска, калі быў падпісаны Рыжскі трактат… Карфанты — таксама адзін з айцоў Польскай Рэспублікі. Ён увайшоў у гісторыю як той, хто хацеў далучыць Сілезію да Польшчы, і нямала дзеля гэтага рабіў. У другім кабінеце Вітаса ён быў віцэ-прэм’ерам. І вось, пілсудчыкі абодвух іх кінулі ў Брэсцкую крэпасць, мякка кажучы, зневажалі там, а потым стварылі ім такі рэжым, што яны мусілі выехаць за мяжу. Скажыце, як маглі пачувацца, прыкладам, Антон Луцкевіч і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі ў той дзяржаве, у якой няўтульна пачуваліся нават яе айцы?

На другое пытанне я, здаецца, адказаў, калі адказваў на першае. Дадам: з вядомых мне заходнебеларускіх літаратараў, якія выступалі ў друку, больш за палавіну прайшлі праз польскія турмы. Сімвалам санацыйнага рэжыму ў Заходняй Беларусі стаў канцлагер у Картуз-Бярозе.

Віна польскіх уладаў перад Беларуссю ў тым, што сваёй нацыянальнай, рэлігійнай і сацыяльнай палітыкай яны камунізавалі наш народ. Прасавецкія і антыпольскія настроі былі вельмі моцныя. Ведаю па сваёй вёсцы Задуб’е Ганцавіцкага раёна (пяць вёрст ад памянёнага тут Забярэззя). Польскія функцыянеры дайшлі да таго, што нават баптыстаў запісвалі ў бальшавікі і кідалі ў турмы. Мой дзядзька, таксама баптыст, сустрэў 17 верасня ў Картуз-Бярозе. Праўда, прасавецкага настрою ў яго не было, бо год на дзесяць раней ён пабываў у БССР і паспеў расчаравацца ў камунізме. У каго ні пытаўся ў нашай вёсцы, усе расчараваліся ў саветах да пачатку 1940-га. Трапілі з агню ды ў полымя.

«НН»: Калі зірнуць на беларускую палітычную сцэну, хто дамагаўся аб’яднання земляў? Хто бачыў будучыню беларусаў у складзе Польшчы?

АС: Зноў два пытанні. На другое адказаць цяжка. Хіба што дэнацыяналізаваныя беларусы, перш-наперш рыма-католікі, хацелі жыць у польскай дзяржаве. Дэнацыяналізаваныя праваслаўныя беларусы марылі аб Расіі.

Аб’яднання беларускіх земляў жадалі камуністы. Ведаючы пра тэрарыстычны бальшавіцкі рэжым, але з увагі на тое, што ў БССР усё ж мелася густая сетка беларускіх школ і практычна ўсе раённыя ды абласныя газеты выходзілі па-беларуску, з увагі менавіта на нацыянальную кампаненту аб’яднання Беларусі хацелі і іншыя левыя. Калі мы пачытаем прамову Антона Луцкевіча на сходзе віленскай інтэлігенцыі пасля прыходу саветаў, дык убачым, што ён гаварыў менавіта пра беларускую школу, беларускую культуру. Няхай яны бальшавізаваныя, але галоўнае тое, што яны — беларускія. Бальшавізм — гэта часова, а Беларусь — навекі.

Больш складана было хрысціянскім дэмакратам. Нездарма адны з іх пазіралі на Літву, а другія спадзяваліся, што Нямеччына зломіць хрыбет бальшавізму. Рэальнай жа палітычнай барацьбы за адзінства нашага народа пасля разгрому Грамады і «Змаганння» ў Заходняй Беларусі не было. А з 1936 года польскія ўлады пачалі татальны наступ на беларускія палітычныя і культурніцкія арганізацыі толькі таму, што яны — беларускія.

«НН»: У верасні 1939 перамагла гістарычная справядлівасць, калі беларускія землі былі ўз’яднаныя?

АС: У верасні 1939-га адбылося тое, пра што польскі палітычны клас папярэджвалі ў першыя ж гады пасля аднаўлення польскай дзяржавы. Каб не стаць ахвярай расійска-германскай змовы, Польшчы трэба было згуртаваць вакол сябе альянс новых незалежных дзяржаў: Беларусі, Латвіі, Літвы, Украіны, Чэхаславакіі. Наладзіць федэратыўныя сувязі з усходнімі суседзямі палякам раілі і брытанскія палітыкі. З планам федэрацыі насіўся і адзін з лідараў Польскай сацыялістычнай партыі Мечыслаў Недзялкоўскі, але шавіністычныя і вялікадзяржаўныя тэндэнцыі ўзялі верх.

Аграрная краіна, сялянская нацыя хацела дасягнуць немагчымага.

Праўда, не сама, а ў апоры перш-наперш на Францыю, якая і ў франка-прускую (1870), і ў Першую сусветную вайну паказала сваю няздольнасць супрацьстаяць Нямеччыне. Ад сваіх вялікадзяржаўных амбіцый Польшча не ўстрымалася і тады, калі полымя сусветнай вайны перакідвалася з Афрыкі (Эфіопія) і Азіі (япона-кітайская вайна) у Еўропу. Перад тым, як стаць ахвярай нямецкай агрэсіі, сама Польшча выступіла ў якасці агрэсара. Нельга забываць, што ў той час, як Нямеччына ўвяла свае войскі ў Судэцкую вобласць, у іншую чэхаславацкую вобласць, Цешынскую, увайшло Войска Польскае.

«НН»: У межах БССР беларусы займелі пэўныя атрыбуты дзяржаўнасці. Ці магло такое быць у складзе Польшчы?

АС: Не магло. Ніколі і ні ў якім разе. Сам праект Польскай Рэспублікі быў у пэўнай меры рэваншысцкім.

Самыя смелыя ці то гарачыя галовы марылі пра польскую дзяржаву ад мора да мора, пра межы 1772 года. Яны хацелі рэалізаваць тое, што не ўдалося здзейсніць у канцы XVIII стагоддзя — пабудаваць польскую ўнітарную дзяржаву на ўсім абшары былой Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Нездарма ж яны ўзвялі ў культ Канстытуцыю 3 мая 1791 года, якая ліквідоўвала федэрацыю Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Асімілятарская (яшчэ касцюшкаўска-калантаеўская) праграма была сфармулявана прэм’ер-міністрам Леапольдам Скульскім: праз 50 гадоў вы і са свечкай не знойдзеце ў Польскай Рэспубліцы беларуса. Але і кабінет Скульскага (1919—1920) быў кароткачасовы, і Польская Рэспубліка доўга не пратрывала.

«НН»: Праціўнікі даты 17 верасня кажуць пра шматлікія ахвяры ў выніку тых падзей. Дык мо людскія жыцці важнейшыя за інтарэсы дзяржавы?

АС: А што кажуць літоўцы, якія ў кастрычніку 1939 года атрымалі ад Масквы ў падарунак за згаворлівасць Вільню? А згаварыліся наконт чаго? Мы вам Вільню, а вы прымеце наш абмежаваны кантынгент. Што, не здагадваўся літоўскі палітычны клас, да чаго гэта можа прывесці? 

Ці спадзяваліся, што пранясе? Цяпер клянуць саветы за 1940 год, за страту незалежнасці, за шматлікія ахвяры. Панове, за ўсё трэба плаціць. У тым ліку за Вільню, Салечнікі, Свянцяны, Меднікі і Друскенікі. Такі няўмольны закон гісторыі. Беларусы таксама заплацілі крывёю, потам і слязьмі за тое, каб Беларусь прасціралася калі не ад Беластока да Смаленска, не ад Вільні да Старадуба, дык хоць бы ў цяперашніх межах. Беларускія костачкі ляжаць ад канцлагера Кракаў-Домбе да канцлагераў на Калыме.

«НН»: Калі мы ўважаем 17 верасня за пазітыўную дату ў гісторыі Беларусі, дык мо тады і на асобу Сталіна праз прызму тых падзей варта зірнуць па-іншаму?

АС: Сталін вырашаў беларускае пытанне, як казалі бальшавікі, «попутно». У яго была іншая мэта — павелічэнне колькасці савецкіх рэспублік,

як было сказана ў сакавіку 1939-га на XVIII з’ездзе бальшавіцкай партыі. У 1890-х Фрыдрых Энгельс пісаў, што расійская армія прынесла б у Нямеччыну не свабоду, а рабства, не развіццё, а спусташэнне, не прагрэс, а здзічэнне. Што пагражала Еўропе, калі б Сталіну ўдалося рэалізаваць свае планы? Вы ведаеце, што нацысты арганізавалі былі паездку былых сацыял-дэмакратаў і камуністаў на заваяваную тэрыторыю СССР, каб паказаць, як жывуць людзі ў краіне «пераможнага сацыялізму»: драўляныя хаціны, саламяныя стрэхі, лапці і ўсё такое іншае? Вы ведаеце, што Генрых Бёль паправеў, калі трапіў на Усходні фронт і паглядзеў, як жылі савецкія людзі? Муза гісторыі Кліа любіць пасмяяцца з палітыкаў. Рэакцыйныя сілы іншы раз, самі таго не хочучы, робяць прагрэсіўныя справы. Рэакцыянеры Сталін і Гітлер ані не ставілі за мэту дабро Беларусі і Украіны, але сам ход падзей змусіў іх зрабіць для нашых народаў карысную справу. Вось толькі пытанне, наколькі разумны і прагрэсіўны палітычны клас у цяпер ужо нібыта незалежных Беларусі і Украіне.

«НН»: Чаму беларускія ўлады так сціпла ці ўвогуле ніяк не адзначаюць 80-годдзе ўз’яднання?

АС: Не ведаю. З гэтым пытаннем трэба звяртацца ў дом №38 па вуліцы Карла Маркса ці ў так званы Палац Незалежнасці.

Я ж звяртаю ўвагу, што цяперашняя ўлада і 100-годдзе БССР злямзіла.

Сам жа дзень 17 верасня я б не называў днём уз’яднання, бо не было беларускай акцыі ні з усходняга, ні заходняга боку рыжскай мяжы. 17 верасня правільней называць Днём аб’яднання беларускіх земляў. Тэрмін «аб’яднанне» дае падставу думаць і так, і гэтак: ці то самі насельнікі гэтых земляў аб’ядналіся, ці то нехта іх аб’яднаў. 

«НН»: Ці трэба беларусам у будучыні святкаваць 17 Верасня? Ці ўсё ж гэта дзень смутку?

АС: Абавязкова трэба адзначаць. Паўтараю: адзначаць. З успамінам пра людскія ахвяры, з успамінам пра тое, што ў складзе нашай краіны так і не замацаваліся беларускія землі на захадзе і паўночным захадзе. З разуменнем таго, што ў нас забралі частку нашых земляў на ўсходзе. І з усведамленнем таго, што гісторыю не перапішаш, не пераробіш, што Беларусь яшчэ і цяпер не цалкам суб’ект міжнародных адносін.

І такое. Бадай, у кожным заходнебеларускім горадзе або мястэчку, былым райцэнтры, ёсць вуліца 17 Верасня. Ва Усходняй Беларусі вуліц з такімі назвамі я не сустракаў. А варта было б уганараваць 17 Верасня ў назвах вуліц і плошчаў і ва Усходняй Беларусі. Што ні кажы, гэты дзень для Беларусі гістарычны, памятны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?