19-гадовы кіроўца ехаў за рулём, таму што быў самы цвярозы ў кампаніі. Маладыя людзі патлумачылі супрацоўнікам ДАІ, што ехалі «да дзевак», піша «Інфа-Кур'ер».
У панядзелак, 16 верасня, каля 20-ай гадзіны пры пад'ездзе да вёскі Прошчыцы экіпаж ДАІ спыніў «Аўдзі». За рулём з прыкметамі алкагольнага ап'янення быў 19-гадовы жыхар адной са слуцкіх вёсак.
Хлопец быў знаёмы інспектарам, так як ужо прыцягваўся за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Акрамя яго, у машыне былі яшчэ чатыры пасажыры — таксама з прыкметамі алкагольнага ап'янення.
На пытанне супрацоўнікаў ДАІ, навошта кіроўца сеў п'яны за руль, ён адказаў, што з усёй кампаніі быў самы цвярозы і што ехалі «да дзевак» з Вясеі ў Прошчыцы.
У Слуцкай бальніцы медыкі правялі агляд кіроўцы і пацвердзілі, што ён быў п'яны.
Уладальнікам машыны аказаўся адзін з пасажыраў. Гэта значыць ён даверыў кіраванне сваім аўтамабілем чалавеку ў стане алкагольнага ап'янення. Аўтамабіль могуць канфіскаваць.





