Мужчыну, які на працягу некалькіх гадзін увечары ў сераду пагражаў узарваць кіеўскі мост Метро, затрымалі сілавікі, піша bbc.com.
А 16-й ён спыніў сваю машыну проста пасярод мосту. Мужчына пагражаў падарваць мост і страляў у паветра. Ён спрабаваў пацэліць у беспілотнік, які да моста накіравалі праваахоўнікі.
З-за інцыдэнту часткова не працавала галіна кіеўскага метро - ад станцыі «Храшчацік» да станцыі «Дарніца», аўтамабільны рух па мосце быў цалкам перакрыты. Гэта прывяло да вялікіх затораў.
Калі да злачынцы пад'ехаў БТР з спецназам, ён падняў рукі ўверх і лёг на асфальт. Падчас затрымання ніхто не пацярпеў.
Выбухоўкі ў мужчыны не выявілі. Ён меў пры сабе толькі карабін.
Начальнік паліцыі Кіева сцвярджае, што злачынца не выстаўляў канкрэтных патрабаванняў. Толькі пагражаў падарваць мост, калі нехта да яго наблізіцца і выказваў жаданне «пагаварыць са сваёй дзяўчынай».
Былы дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка выклаў у фэйсбуку фота затрымання.
Затрыманы — ураджэнец Крыма, былы вайсковец, у якога тры месяцы таму ўжо забіралі выбухоўку. Тады ён здаваў выбухоўку па ўласнай волі. Таму яго не прыцягвалі да адказнасці.
СМІ са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах пішуць, што затрыманага клічуць Аляксей Бялько, яму 42 гады.
Мэр Кіева Віталь Клічко распавёў, што Бялько знаходзіўся ў неадэкватным стане — «ці ў алкагольным, ці ў наркатычным ап'яненні». Праваахоўнікі гэтую інфармацыю не пацвярджаюць.
Мужчыну можа пагражаць пажыццёвае зняволенне.





