Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі Станіслаў Зась сустрэўся з міністрам абароны Азербайджана Закірам Гасанавым. Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінабароны Азербайджана, звяртае ўвагу Tut.by.
Фота: mod.gov.az.
На сустрэчы Станіслаў Зась звярнуў увагу на наяўнасць перспектыў для пашырэння ваеннага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам.
Падчас візіту ў Азербайджан кіраўнік Рады бяспекі таксама сустрэўся з прэзідэнтам краіны Ільхамам Аліевым, кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Рамізам Мехціевым, сакратаром Рады бяспекі Азербайджана Рамілем Усубавым.
Характэрна, што ў гэтыя дні начальнік генштаба Узброеных сіл Беларусі, першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў наведвае Арменію.
Фота: mil.am.
У ходзе візіту, які працягнецца да 24 верасня, праведзены двухбаковыя перамовы з кіраўніцтвам УС Арменіі. Бакі абмеркавалі пытанні стану і перспектыў двухбаковага вайсковага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый АДКБ і СНД, будучых сумесных мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ўзброеных сіл Беларусі і Арменіі. Таксама адбыўся абмен думкамі адносна ваенна-палітычнага становішча ў рэгіёне і свеце, паведамляе Мінабароны Беларусі.





