Дняпроўскі раённы суд Кіева задаволіў хадайніцтва следства аб правядзенні стацыянарнай камісійнай комплекснай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы ў дачыненні да ўраджэнца Гомеля, які працаваў у сталіцы Украіны ветэрынарам. Мужчына падазраецца ў забойстве 35-гадовай кіяўлянкі, паведамляюць Моцныя навіны.
Фота: Нацыянальная паліцыя Украіны
У сярэдзіне жніўня ў Русанаўскім канале ў Кіеве і іншых месцах былі выяўленыя чорныя поліэтыленавыя пакеты з чалавечымі парэшткамі. У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў асоба ахвяры была высветленая, а па падазрэнні ў здзяйсненні забойства быў затрыманы знаёмы жанчыны. Ім аказаўся 38-гадовы халасцяк, ураджэнец Гомеля, які мае грамадзянства Украіны, да затрымання ён працаваў ветэрынарным лекарам 1 катэгорыі ў Кіеўскай гарадской бальніцы ветэрынарнай медыцыны.
«Моцным навінам» сталі вядомыя падрабязнасці гэтага жудаснага злачынства.
Па звестках следства, мужчына запрасіў да сябе дадому знаёмую з мэтай «адпачынку і прыёму алкагольных напояў». Позняй ноччу, калі пара знаходзілася ў спальні, паміж імі ўзнікла сварка. Ветэрынар падышоў да шафы, узяў нож і ўдарыў у правае вока жанчыны. Ахвяра страціла прытомнасць і ўпала на канапу. Затым, як паведамляецца ў матэрыялах справы, ураджэнец Гомеля, «усведамляючы характар сваіх супрацьпраўных дзеянняў і факт забойства, вырашыў знішчыць сляды злачынства, у сувязі з чым аднёс цела ў ванны пакой, дзе ў далейшым, выкарыстоўваючы кухонны нож, сякеру і нажоўку па метале па чарзе аддзяліў часткі цела ахвяры». Потым забойца склаў парэшткі ў мяшкі і ў некалькі прыёмаў вынес іх з кватэры.
Адразу пасля затрымання мужчыны следства звярнулася ў суд з хадайніцтвам аб ужыванні да яго меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Адвакат і падазраваны пярэчылі і прасілі абмежавацца хатнім арыштам. Абаронца заявіў, што яго кліент не памятае абставінаў здзейсненага злачынства, а памятае толькі рассячэнне цела. Ён не выключаў, што забіў хтосьці іншы. Ветэрынар сваю віну прызнаў, але заўважыў, што не памятае цалкам абставінаў здзяйснення злачынства, паколькі быў у стане алкагольнага ап'янення, і хавацца ад следства не будзе.
Суд вырашыў арыштаваць падазраванага на 60 сутак. У ходзе следства было прынята рашэнне праверыць ветэрынара на наяўнасць свядомасці. Псіхіятарам трэба будзе адказаць на два дзясяткі пытанняў. Ад іх залежыць далейшы лёс мужчыны. Пакуль жа яму пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.