Часопіс «Наша гісторыя» выходзіць ужо другі год. За гэты год мы пісалі пра Каліноўскага і Касцюшку, Вітаўта і Кіеўскую Русь, Грамыку і Дзяржынскага.
Агулам мы апублікавалі каля 250 артыкулаў на самыя розныя тэмы — пра гісторыю несавецкую і савецкую, беларускую і сусветную. Прыкладна 35 % з іх нам напісалі дактары і кандыдаты навук. Але мы з радасцю таксама публікуем допісы студэнтаў, школьнікаў, успаміны старэйшага пакалення. Мы адкрытыя для ўсіх!
Я не буду апавядаць тут, якія артыкулы мы рыхтуем цяпер — хай гэта будзе для вас сюрпрызам. Я засяроджуся на тым, пра што ў нас — і ў беларускай прасторы ўвогуле — пішуць малавата.
Нас цікавяць біяграфіі вядомых і невядомых, вялікіх і непрыкметных людзей — пераасэнсаваныя з пазіцыі сённяшняга дня.
Мы б з радасцю публікавалі больш артыкулаў з гісторыі міжнароднай палітыкі. Асабліва пра тое, дзе праглядаюцца цікавыя праекцыі на наш час.
Зусім ніхто нам яшчэ не пісаў пра Кітай — а гэта вельмі цікавая нам тэма.
Поп-культура, яе зменлівыя законы і звычаі, яе іконы і яе люцыферы — гэта таксама цікавіць беларусаў.
Не бывае зашмат сямейных гісторый, звестак пра вашы малыя радзімы.
То пішыце нам! [email protected]





