У кулуарах «Мінскага дыялога» карэспандэнт «Нашай Нівы» пагаварыў з новым паслом Расіі Дзмітрыем Мезенцавым, які прыехаў сюды на месца выстаўленага Міхаіла Бабіча. 

Дзмітрый Мезенцаў, фота Надзеі Бужан

Дзмітрый Мезенцаў, фота Надзеі Бужан

«Наша Ніва»: Вы робіце ўражанне чалавека, чый беларускі этап кар'еры не скончыцца гэтак жа імкліва, як і папярэдніка. Можа быць, вы ўжо і беларускую мову пачалі вывучаць?

Дзмітрый Мезенцаў: Вось вам мая візітоўка, аформленая па-беларуску. Ці шмат вы ведаеце паслоў у Беларусі, якія зрабілі такія візітоўкі?

Я ўжо запытаў падтрымкі ў пошуку педагога, які б даў мне ну якіх сем урокаў беларускай мовы, каб зразумець яе логіку і структуру.

Тым больш я доўга працаваў у друку, з вялікім задавальненнем чытаю рускую літаратуру, мне было б цікава параўнаць, чым нашыя мовы блізкія. Дастаткова літаратуры выходзіць на беларускай мове. Таму я б хацеў яе зразумець і праявіць павагу да адной з тых моваў, на якіх гавораць беларусы.

«Наша Ніва»: А хто ваш любімы беларускі пісьменнік? 

Дзмітрый Мезенцаў: Нядаўна былі дні духоўнай культуры Расіі ў Беларусі, і дырэктар літаратурнага музея з Масквы бліскуча чытаў Пятруся Броўку па-беларуску, нават без тэксту перад вачыма! Вось… [Броўку магу назваць].

Ну і што датычыць абсалютнага маштабу літаратурнага подзвіга Васіля Быкава, то тут для ўсіх грамадзян, хто сутыкаўся з яго творамі, уражанне застаецца назаўсёды. 

«Наша Ніва»: Мінск пакідаюць кадры, якіх браў на работу Міхаіл Бабіч. Складваецца ўражанне, што вы ад іх пазбаўляецеся. Уражанне слушнае? 

Дзмітрый Мезенцаў: Што такое кадры Бабіча? Ідзе планавая замена дыпламатаў, якія працавалі пры Бабічы, прыязджаюць новыя. Канечне, частку калег, з якімі я працаваў раней, у тым ліку ў Пекіне, я прапанаваў у Мінск — кадравая служба МЗС прапановы падтрымала. Тут няма супрацьстаяння адных кадраў другім. Трэба, каб калектыў у пасольстве быў прафесійны, збалансаваны, каб была таварыская атмасфера.

«Наша Ніва»: Новыя кадры таксама будуць прафесійнымі разведчыкамі, як і ў Бабіча? 

Дзмітрый Мезенцаў: У мяне няма ніводнага прафесійнага разведчыка! 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?