У гэтыя выходныя ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Апытанні грамадскай думкі паказваюць, што ўпэўненую перамогу атрымае кіруючая правакансерватыўная партыя Яраслава Качынскага «Права і справядлівасць». Апошняе апытанне, праведзенае па замове польскага партала Onet.pl, дае кансерватарам 44,3 працэнта.
З вялікім адрывам на другім месцы ідзе «Грамадзянская кааліцыя» — блок з некалькіх партый, найбуйнейшай з якіх з'яўляецца правацэнтрысцкая ліберальна-кансерватыўная «Грамадзянская платформа». У «кааліцыі» 22,7% падтрымкі.
Трэцяе месца заняла «Лявіца», за яе хочуць прагаласаваць 13,8%.
У сейм таксама можа патрапіць «Польская кааліцыя», якая складаецца з аграрыяў і партыі Паўла Кукіза — у іх 6,2% галасоў.
9,5% апытаных яшчэ не вырашылі, за каго будуць галасаваць.





