Язэп Драздовіч. Пагоня Ярылы.

Язэп Драздовіч. Пагоня Ярылы.

юзік у нас праблемы званілі з наса
мы прайграём у апошняй зорнай вайне
край наш падзелены горш чым за вашым часам
бо не надвое а кожны сабе наўме

неба начнога чорная палатніна
падаюць зоркі кроплямі на пагон
нам як да месяца ракам яшчэ да міру
як дабярэмся то будзе зноў палігон

кволыя промні чорныя нібы дзіры
кулямі ў спіны сыплюцца наўздагон
кола гісторыі слухае камандзіраў
лепей за ўсе каманды ідзе кругом

я быў збіраў турбіну а потым кінуў
бо керасіну таксама няма зусім
юзік даруй нам і перадай максіму
як ні прасіў ён мы да вас не ляцім

срака такая што лепш назіраць здалёку
падае хваляй будучыні крыссё
гляньце без тэлескопа бяззбройным вокам
юзік мы ўсё прасралі ці ўсё ж не ўсё

болей не просім нічога ўсяго хапіла
часам з натхненнем ты нават перагінаў
можаш паўторна даслаць пагоню ярылы
мы тут кудысьці згубілі арыгінал

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?