або карнавал перад Вялікім постам у традыцыях народаў былой Рэчы Паспалітай. Піша на catholic.by Алесь Белы.

У даўнія часы, калі аснову эканомікі складала сельская гаспадарка, калі пост захоўвалі вельмі строга, а зімовы час даваў селяніну натуральны адпачынак ад бясконцых турботаў, тады карнавал перад Вялікім постам быў самым бесклапотным перыядам у годзе, спрэс запоўненым вясёлымі забавамі. Шмат у якіх хрысціянскіх гарадах і рэгіёнах да нашых дзён захаваліся свае рэгіянальныя традыцыі, свае ўнікальныя мясцовыя «карнавалы», якія прывабліваюць шматлікіх турыстаў: маскарады, шэсці, гульні, традыцыйныя стравы.

У традыцыйным календары католікаў былой Рэчы Паспалітай Запусты (або Запускі) — традыцыйная назва апошніх дзён (як правіла, апошняга тыдня) перад постам. У Заходняй Еўропе Запусты перад Вялікім постам называюць карнавалам
(ад італьянскага carne — «мяса» і valere — «панаваць», «загадваць», бо гэта апошнія дні, калі мяса яшчэ «пануе» на сталах).

Самым вясёлым быў апошні тыдзень карнавалу (у вузкім сэнсе менавіта яго і называлі карнавалам), калі народ імкнуўся быццам запасціся вяселлем і забавамі на ўвесь 40-дзённы Вялікі пост. У праваслаўнай традыцыі аналагічны перыяд называюць Масленіцай, а ў былой Рэчы Паспалітай часам таксама Запустамі (або Запускамі).

Пачынаўся гэты тыдзень, запоўнены шумнымі і вясёлымі забавамі, Тлустым чацвяргом.
Дарэчы, і ў традыцыі праваслаўнай Масленіцы апошні перад Вялікім постам чацвер лічыцца днём «шырокага разгулу», менавіта ў гэты дзень забавы (катанне на санках з ледзяных горак, гушканне на арэлях, бітвы за «снежныя гарадкі», таварыскія пачастункі) дасягалі ў Расіі свайго апагею.

Адзначым, што ў Беларусі традыцыі праваслаўнай Масленіцы і каталіцкіх Запустаў, непазбежна, узаемна ўплывалі адна на адну, асабліва ў сялянскім асяроддзі.

Найбольш вядомай шляхецкай забавай гэтай пары года на землях даўняй Рэчы Паспалітай былі т.зв. «кулігі» [ад «калегі», «калегавацца»] — масавыя санныя вандроўкі ад адной сядзібы да другой,
якія ў парадыйны спосаб імітавалі «сялянскае вяселле» — у карнавальны час саслоўі быццам бы мяняліся месцамі, узаемна высмейваючы адно аднаго.

Здаралася, якога-небудзь беднага шляхціча нахабныя «кулігі» аб’ядалі дашчэнту і зараз жа рушылі да суседняй сядзібы. «Кулігам» спадарожнічалі пераапрананні, карнавальныя маскі (каня, бусла, камінара, доктара, анёла і г. д.), розыгрышы, жарты. Разыгрываліся прадстаўленні батлейкі і рэлігійныя сцэнкі, дзівілі фокусамі дрэсіраваныя мядзведзі, гучалі дуды і карбовыя ліры...

І, зразумела,

ніколі не танцавалі так шмат, як на Запусты.
Мазура, польку, паланэз і іншыя народныя танцы — звычай дазваляў не спыняць баляванне ў корчмах і па дамах ажно да самага ранку, што асабліва цешыла моладзь. «Кулігамі» ці іншым спосабам, але і ў бяднейшых сем’ях лічылася абавязковым наведаць у Запусты сваякоў і хросных бацькоў.

У карнавальны час гуляліся не толькі парадыйныя, але і сапраўдныя вяселлі, і існаваў звычай, каб маладыя жанчыны, якія толькі што выйшлі замуж, частавалі ў дні Запустаў сваіх сябровак з даўжэйшым «стажам» у шлюбе, быццам бы далучаючыся да «карпарацыі» жонак.

Несумненна, Запусты былі самым вясёлым, бесклапотным і сытым тыднем у годзе, асабліва ў шляхецкіх і магнацкіх дамах.

Старадаўняя прыказка сцвярджала: «На запусты не хоча панства капусты».
Шляхце хацелася хутчэй сарніны, аленіны, ласяціны і нават зубраціны...

Ад ежы і напояў аж выгіналіся сталы, і чаго толькі на іх не было! Самай старажытнай і распаўсюджанай стравай, зразумела, былі бліны, як і на Масленіцу. Ды і ў Заходняй Еўропе карнавал і бліны непарыўна звязаныя паміж сабой, так што і апошні дзень карнавалу, аўторак перад Папяльцом, па-англійску называецца «блінны дзень» (Pancake Day) — у нас гэта быў Тлусты аўторак.

Шмат было на сталах тлустых, мясных страваў (абавязваў «Тлусты» тыдзень) — розных вяндлінаў, кілбасаў, кішак, сальцісонаў, бігасу, смажаніны, пячыстых…

У бяднейшых сем’ях у Тлусты чацвер елі тыя самыя стравы, што і ў будні, напрыклад, капуснік, крупнік, верашчаку, толькі імкнуліся як мага болей дадаць тлустага, пару-тройку колцаў кілбаскі, заскварыць, так што тлушч ажно плаваў па паверхні. Апроч бліноў, папулярным печывам на Запусты, асабліва ў Тлусты чацвер, былі пончыкі (якія да XVIII ст. называлі «пампухамі») і хруст, званы інакш фаворкамі, якія паступова сталі ўспрымацца як сімвал Тлустага чацвярга.

Як жа шмат добрых і прыгожых звычаяў, па-сапраўднаму годных, страчана намі ў бязглуздай пагоні за модай, асабліва за апошняе стагоддзе! Зрэшты, ніхто не можа забараніць хрысціянам трымацца сваіх традыцыйных святочных звычаяў, хаця б у вузкім сямейным коле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?