Аператыўна-аналітычны цэнтры (ААЦ) пры прэзідэнце з’яўляецца адной з найбольш закрытых спецслужб нашай краіны. Цэнтр быў створаны для для забеспячэння інфармацыйнай бяспекі. Фактычна ААЦ з’яўляецца структурай, якая кантралюе інтэрнэт.
Аляксандр Лукашэнка і Андрэй Паўлючэнка.
У снежні 2017 года ААЦ узначаліў былы кіраўнік Службы бяспекі прэзідэнта Андрэй Паўлючэнка. Пасля таго, як у жніўні 2018 года Канстанцін Шульган стаў міністрам сувязі і інфарматызацыі, у Паўлючэнкі не засталося ніводнага намесніка па ААЦ.
Цяпер жа на сайце ведамства пазначаныя два намеснікі начальніка — гэта Сяргей Жарнасек і Аляксандр Іўкін. Адметна, што інфармацыя пра прызначэнні гэтых людзей не праходзіла ў афіцыйных стужках навін. Іх імёны былі проста дададзеныя на сайце ААЦ.
Сяргей Жарнасек яшчэ сёлета працаваў начальнікам упраўлення абароны інфармацыі ААЦ. Ягонае імя значыцца сярод аргкамітэта правядзення форуму Tibo-2019, пры гэтым Жарнасек адзін з нямногіх, хто не мае пад профілем фотаздымка.
Другім намеснікам стаў Аляксандр Іўкін. Чалавек з такім іменем раней працаваў на Беларускай валютна-фондавай біржы.





