Ліст Паўлу Севярынцу

Вітаю, Павел Канстанцінавіч, мой апанент Правае Вока!

Толькі сёння прачытаў напісанае Табою пра ПЭН.

Калі шчыра, я б і не чытаў гэта, бо не цікаўлюся ні ПЭНам, ні нават справамі ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, у які ўступіў на знак салідарнасці, калі яго актыўна гнулі і гналі. У мяне ёсць іншыя справы: гісторыя Беларускай Сацыялістычнай Грамады, даследаванне жыццёвага шляху Антона Луцкевіча і, натуральна, гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі. А таксама праграматыка сучаснай беларускай сацыял-дэмакратыі. Жыццё падыходзіць да фінішу і цікавіцца нейкімі пэнаўскімі звадкамі няма часу. Тым больш, што я не сябар ПЭНа і да розных творчых саюзаў стаўлюся скептычна. Як да журфака БДУ: умееш пісаць — вучыцца там не трэба, асвойвай канкрэтную спецыяльнасць; не ўмееш пісаць — там не навучаць. Прачытаў я Твой тэкст толькі з падказкі.

Мяне, як Твайго даўняга апанента, Левае Вока, уразіла у Тваім тэксце тое, што Ты карыстаешся канспіралагічным тэрмінам «культурны марксізм». Ты, пэўна ведаеш, што гэты тэрмін увялі правыя інтэрпрэтатары Франкфурцкай школы неамарксізму. (У дужках зазначу, што я адпрэчваю ўсе гэтыя «неа» і «пост». Ёсць ранні марксізм і позні. І першы, і другі з’явіліся яшчэ пры жыцці Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. Адэпты першага (Ленін ды кампанія) сталі ля вытокаў усходняга марксізму, адэпты другога — марксізму заходняга. Ты, пэўна, ведаеш, што і ва ўсходнім, і ў заходнім марксізме існавала і існуе не адна плынь. Былы марксіст Лешак Калакоўскі напісаў пра іх аж тры тамы.)

Дык вось, Павел Канстанцінавіч, Ты карыстаешся канспіралагічным тэрмінам «культурны марксізм». З таго, што выкрывальнікі гэтага «марксізму» яму прыпісваюць, я раблю простую выснову: ім трэба было б пісаць пра «антыкультурны марксізм». Бо што такое культура? Гэта перш-наперш падаўленне ў чалавеку жывёльнага, біялагічнага, канібалісцкага, у тым ліку падаўленне жывёльнага ў сферы сексуальнасці. «Культурны марксізм», пра які пішуць канспіролагі-выкрывальнікі, прапаведуе патуранне таму, што ў традыцыйнай культуры, выпрацаванай пад уплывам іудаізму і хрысціянства, лічылася брыдкім і агідным. Значыць, гэты «марксізм» антыкультурны.

Тут варта нагадаць, што некаторыя лічаць пачаткам сучаснай сексуальнай рэвалюцыі майскія падзеі 1968 г. у Францыі. Бунт сытай моладзі, які падтрымалі былі камуністы і прафсаюзы, не закранаў прыроду капіталізму. Актыўныя ўдзельнікі бунту сталі рэспектабельнымі буржуа.

З сексуальнай рэвалюцыяй, які вялікі лозунг «Свабода, роўнасць і братэрства» памяняла на «Свабода, роўнасць, сексуальнасць», цесна спалучана ўзнікненне радыкальнага фемінізму, які Ты называеш агрэсіўным і для якога змаганне за сацыяльную справядлівасць і роўнасць жанчын і мужчын — справа другарадная, бо на першым месцы стаіць сексуальная праблематыка.

Мусіць, не сакрэт, што радыкальныя феміністкі — гэта не тыя жанчыны, якія працуюць у заводскіх цэхах, у майстэрнях, санітаркамі ў клініках і прытулках для сірот ды інвалідаў. Марксісткі Клара Цэткін (аўтарка 8 Сакавіка) і наша першая феміністка Цётка наўрад ці знайшлі б з імі агульную мову.

Яшчэ адна з’ява, якую спарадзіла сексуальная рэвалюцыя, — росквіт порнаіндустрыі, у тым ліку дзіцячай.

Адбываецца разнявольванне ў чалавеку жывёльнага, біялагічнага. І натуральна, што гэтая тэндэнцыя сустракае супраціў.

Чытаючы Твой артыкул, я бачу ў асобе аўтара прынцыповага хрысціяніна. Але чытаючы каментары наведнікаў сайту «Нашай Нівы», я бачу, што Твае апаненты таксама далёкія ад таго, што цяпер называюць паліткарэктнасцю. Яны, магу канстатаваць, прост ненавідзяць Цябе. Але самі сябе яны лічаць людзьмі сучаснымі, па-еўрапейску выхаванымі, перадавымі, а Цябе — цемрашалам. Такія парадоксы нашага часу.

Цяпер я стаўлю пытанне: ці адмаўляе класічны марксізм, марксізм Маркса і Энгельса, Аўгуста Бебеля (аўтара класічнай кнігі «Жанчына і сацыялізм») і Карла Каўцкага традыцыйныя каштоўнасці культуры? Я мог бы працытаваць тут пэўныя выказванні Маркса, за якія Твае апаненты з ПЭНа запішуць яго ў рэакцыянеры, а то і ў рэлігійныя цемрашалы, хоць унук рабіна ў Бога не верыў. Аб прыватным жыцці Маркса памаўчу, бо з пункту гледжання радыкальнага фемінізму вялікага мысліцеля можна запісаць у так званыя добразычлівыя сексіты і нават у мужчынскія шавіністы ці то мачысты, эксплуататары жаночага цела.

Дык вось, Павел Канстанцінавіч, сам тэрмін «культурны марксізм» — калі не памылковы, дык спрэчны. Як гэта часта бывае, аўтары тэрміна ў палемічным запале добранька не падумалі, што пішуць.

Паўтараю: чытаючы Твой артыкул, я бачу ў асобе аўтара прынцыповага хрысціяніна. І паважаю Твой падыход да праблемы. Ты пішаш, што ПЭН цяпер гуртуе «радыкальных адэптаў культурнага марксізму — агрэсіўных феміністак, гей-лобі, агітатараў лявацтва».

Павел Канстацінавіч, ты ўчыніў паліталагічную памылку. Марксізм — левая плынь, а не лявацкая. Лявацтва — гэта крайняе крыло у левым руху. Марксава тэорыя — дэтэрмінісцкая: нельга нешта рабіць, пакуль для гэтага не выспелі ўсе ўмовы, нельга пераскочыць цераз фазы грамадскага развіцця. Леваку ж падай усё патрэбнае тут і цяпер.

Вось бальшавікі былі левакамі. Як пісалі іншыя, артадаксальныя, марксісты, свой пераварот бальшавікі здзейснілі насуперак Марксу: у адсталай, непісьменнай краіне вырашылі за дваццаць год пабудаваць камунізм.

Сучасных левакоў я называю новым выданнем бальшавізму з яго нецярпімасцю да іншадумства, з яго прэтэнзіямі на адзіна правільнае разуменне грамадскіх патрэб і шляхоў іх дасягнення.

Камунізм, бальшавізм, як вядома, даў штуршок да ўзнікнення фашызму. Фашызм быў рэакцыяй на бальшавізм. Рэакцыяй на сучаснае лявацтва стала тое, што на захад ад Буга апошнім часам умацоўваюцца пазіцыі крайніх правых.

У Польшчы гэта Канфедэрацыя, якая нядаўна атрымала месцы у сойме, у Нямеччыне — Альтэрнатыва, якая ад выбараў да выбараў умацоўвае свае пазіцыі… Лічыць можна доўга. І гэта не абавязкова ксенафобы. Напрыклад, у Альтэрнатыве для Нямеччыны дзейнічае габрэйская група, і гаворку можна весці пра адстойванне гэтай партыяй традыцыйных (ці рэакцыйных?) іудзеахрысціянскіх каштоўнасцяў. Тое мы назіраем і ў Злучаных Штатах, дзе нашчадак нямецкіх імігрантаў парадніўся з габрэямі і адпрэчвае леваліберальныя каштоўнасці і ўяўленні. І хто яго падтрымаў? Тыя, хто працуе на фермах, заводах і фабрыках.

Нешта мне падказвае: чым больш напорыстыя будуць левакі, тым большы супраціў яны сустрэнуць.

Далей Ты, Павел Канстанцінавіч, робіш правільна, калі словы «левых радыкалаў», «левых» бярэш у двукоссе. Бо гэта, вядома ж, не левыя, а левакі. Карла Каўцкага, Льва Троцкага, Тоні Кліфа, Імануэля Валерстайна ды іншых паслядоўнікаў Маркса пэнаўскія левакі, я ў гэтым ўпэўнены, не чыталі. Не ўпэўнены, што чыталі як след і Антона Луцкевіча.

Сярод пэнаўцаў, паведамляе нам Андрэй Хадановіч, нават ёсць вернікі. Бачыш, Павел Канстанцінавіч?

Але гэтыя вернікі саромеюцца прапаведаваць сваю веру і змагацца за каштоўнасці свайго веравызання не будуць роўна ў такой ступені, як пэнаўскія левакі, у тым ліку радыкальныя феміністкі, не будуць змагацца за правы наёмных работніц і работнікаў, якіх змушаюць працаваць звышурочна ў кепскіх умовах і за нізкую плату. Адна справа наракаць на ўціск сексуальнасці, іншая — выйсці на пікет у абарону правоў прыціснутых работніц і работнікаў, на мітынг у абарону годных умоваў працы, у абарону Курапатаў…

Гэта, Павел Канстанцінавіч, пазіцыя такая. Памятаеш, якім вершам пачынаецца Багушэвічаў зборнік «Дудка беларуская»? Там мы чытаем:

Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсім будзе чутка
Ад краю да краю!

А ў другой частцы верша чытаем такое:

Цяпер зраблю дудку
Ад жалю, ад смутку.
Га! зраблю другую,
Жалейку смутную, —
Ды каб так заграла,
Каб зямля стагнала,
От каб як заграла:
Каб слязьмі прабрала.
Каб аж было жудка,
От то мая дудка!..

А ўжо ў гэтым стагоддзі я прачытаў такі верш:

Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю…
Але лепш не буду
І вам не раю.

Цытую з памяці, але, думаю, даволі дакладна. Бачыш, Павел Канстанцінавіч, не рызыкуе паэт зрабіць такую жалейку, каб ад яе грання прабірала слязьмі і станавілася жудка. І нам не раіць такое рабіць.

Хто аўтар верша? А той, хто выдаў зборнік «Лісты з-пад коўдры». Праўда, вельмі смешны загаловак? Адзін паэт пісаў свае лісты перад тым, як пайсці на эшафот, а другі паэт (новай, постмадэрніцкай, пары) перасмейвае яго і пасылае нам лісты з-пад коўдры. Мы жывем у век рэлятывізму, Павел Канстанцінавіч. Дабро і зло, прыгожае і агіднае, узнёслае і нізкае, трагічнае і камічнае — паняцці адносныя. І не трэба дзеля гэтых абстракцыяў чыстага розуму рызыкаваць сваім здароўем, дабрабытам і самім жыццём. Трэба жыць і радавацца, лавіць кайф тут і цяпер, а Ты са сваімі прынцыпамі…

Зразумеў?

Зычу Табе, мой даўні апанент,і Тваёй сям’і ўсяго самага добрага.

З сацыялістычным прывітаннем

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?