rus.bg
Бюст Янкі Купалы ўрачыста адкрылі ў Двары кірыліцы ў балгарскім горадзе Пліска, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Балгарыі.
«Падчас цырымоніі, згодна традыцыі, у Двары кірыліцы пастамент бюста быў пасыпаны зямлёй з радзімы Янкі Купалы. Ад імя беларускай дэлегацыі да помніка былі ўскладзены любімыя кветкі паэта - белыя ружы», - распавялі ў дыпмісіі. На мерапрыемстве гучалі вершы класіка на беларускай і балгарскай мовах.
Аўтарам бюста выступіў беларускі скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, які прысутнічаў на цырымоніі адкрыцця помніка. У ёй таксама прынялі ўдзел пасол Беларусі ў Балгарыі Аляксандр Лукашэвіч, дэлегацыя Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч.





