Wikimedia Commons
Былы прэм'ер-міністр Польшчы і неўзабаве ўжо былы старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск паведаміў, што ў 2020 годзе не будзе балатавацца на пасаду прэзідэнта краіны, паведамляе Радыё Польшча.
Туск з'яўляецца кандыдатам на пасаду старшыні Еўрапейскай народнай партыі. «Я лічу, што мы можам перамагчы на гэтых выбарах, але для гэтага патрэбна кандыдатура, якая не абцяжарана багажом складаных, непапулярных рашэнняў, а я быў абцяжараны такім багажом яшчэ з часоў прэм'ер-міністра», — сказаў Туск. Ён дадаў, што падчас выбарчай кампаніі будзе рашуча падтрымліваць апазіцыю.
Кіраўнік адміністрацыі прэм'ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык, у сваю чаргу, заявіў, што адмова Дональда Туска балатавацца на выбарах прэзідэнта Польшчы не стаў для яго нечаканасцю. На думку Дворчыка, Туск, у якога ёсць значны негатыўны электарат, баяўся паразы ў другім туры ад кандыдата кіруючай партыі «Права і справядлівасць», прэзідэнта Анджэя Дуды.





