Следчы суд горада Марбелля, поўдзень Іспаніі, запатрабаваў ад Аўстрыі ў суботу, 9 лістапада, неадкладна выдаць былога дырэктара дэпартамента кіравання маёмасцю і інвестыцыйнай палітыкі міністэрства культуры Расіі Барыса Мазо. Ён быў арыштаваны напярэдадні ў Вене ў ходзе сумеснай іспана-аўстрыйскай паліцэйскай аперацыі пад кодавай назвай Hammer.

У адпаведнасці з паведамленнем, распаўсюджаным прэс-службай Нацыянальнай паліцыі Іспаніі, Мазо падазраецца ў адмыванні не менш за 4 мільёнаў еўра шляхам набыцця, праз падстаўную фірму, у Марбеллі ў 2015 годзе эксклюзіўнага катэджа. Грошы паступілі ў Іспанію са швейцарскага рахунка расіяніна. Следчыя мяркуюць, што гаворка ідзе пра сродкі, выкрадзеныя чыноўнікам з бюджэту Мінкульта РФ.

Адначасова ў Марбеллі былі арыштаваныя былая жонка і сын чыноўніка, а таксама яго іспанскі адвакат. На іх заведзеная справа аб саўдзеле ў адмыванні — на падставе артыкула 301 пункта 4 Крымінальнага кодэкса Іспаніі. Усе трое адпушчаныя да суда на волю пад абяцанне рэгулярна з'яўляцца ў паліцыю і не пакідаць межы Іспаніі.

Між тым паліцыя распаўсюдзіла відэа, у якім паказана выкрыццё ў марбельскім доме Мазо тайніка з каштоўнасцямі. Суд наклаў арышт на катэдж чыноўніка, аўтамабіль, коштам у 100 тысяч еўра, ювелірныя вырабы і банкаўскі рахунак, на якім мелася 160 тысяч еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0