Беларусь і Расія ва ўзаемадзеянні з заходнімі партнёрамі павінны не дапусціць з'яўлення ў Еўропе ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сёння ў Маскве на сумесным пасяджэнні калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі, піша БелТА

«Асобна спынюся на адным з найбольш трывожных на сённяшні дзень выклікаў — сітуацыі з Дагаворам аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, — сказаў Уладзімір Макей. — Яго разбурэнне прывяло да росту ваенна-палітычнай напружанасці ў розных рэгіёнах свету, у тым ліку ў Еўропе. У гэтай сітуацыі ва ўзаемадзеянні з заходнімі партнёрамі неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб ні ў якім разе не дапусціць з'яўлення на нашым кантыненце ракет адпаведных класаў».

Кіраўнік МЗС нагадаў, што на распрацоўку дэкларацыі аб неразмяшчэнні такіх ракет у Еўропе накіравана ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі, якая сугучная з прапановай Уладзіміра Пуціна пра мараторый на гэтыя ўзбраенні ў рэгіёне. «Мы разлічваем на тое, што НАТА таксама ўсведамляе неабходнасць дыялогу па гэтым пытанні», - падкрэсліў Уладзімір Макей.

Ён таксама адзначыў, што ў цяперашні час адным з вызначальных фактараў міжнародных адносін з'яўляецца ўстойлівая тэндэнцыя да разбурэння сучаснай архітэктуры міжнароднай і еўрапейскай бяспекі. «У ліку прычын гэтага працэсу - крызіс даверу ў адносінах паміж краінамі, які непарыўна звязаны з эрозіяй існуючага інструментара кантролю над узбраеннямі і нераспаўсюджвання», - перакананы міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0