На выходных стала вядома пра жыхара санаторыя «Лясное» Докшыцкага раёна, 87-гадовага Аляксандра Мельніка, які прапаў 11 лістапада. Праз 6 дзён знайшоўся ў іншым санаторыі Віцебскай вобласці, піша kraj.by
Пажылы мужчына ўжо 30 гадоў жыве ў санаторыі-прафілакторыі «Лясное». 11 лістапада ён з'ехаў на ровары і знік. Работнікі «Ляснога» забілі трывогу, пасля гэтага ўнучка пенсіянера заявіла пра знікненне дзядулі ў пошукава-выратавальны атрад «Анёл».
Аказалася, што пенсіянер жывы-здаровы. Яго знайшлі 17 лістапада ў іншым санаторыі Віцебскай вобласці.
Каардынатар «Анёла» Крысціна Крук распавяла kraj.by:
— У «Лясны» прыехаў паштальён, які прывозіць пенсію пажылым жыхарам гэтага прафілакторыя. Яны яму і распавялі, што Аляксандр Навумавіч Мельнік знік. Пачуўшы гэтую навіну, паштальён успомніў, што, калі выдаваў Мельніку пенсію, той сказаў: «Гэтых грошай мне хопіць, каб паехаць адпачыць у іншы санаторый». І назваў яго адрас. Адразу ж гэтую інфармацыю паведамілі сваякам.
Па словах Крысціны Крук, унучка пенсіянера звязалася з санаторыем, у якім збіраўся адпачыць дзядуля, і на тым канцы провада далі яму слухаўку.
— Унучка прысароміла дзядулю. Маўляў, так рабіць нельга, усё ж хвалююцца. На гэта Аляксандр Навумавіч адказаў, што нават і не думаў, быццам яго стануць шукаць. Дарэчы, ровар, на якім пенсіянер з'ехаў з «Ляснога», таксама знайшоўся. Дзядуля прышпіліў яго да нейкага слупа, а сам дабраўся да месца адпачынку ці то на спадарожнай машыне, ці то на грамадскім транспарце, — сказала Крысціна Крук.





