Яшчэ адно наўздагон «выбарам». Калі сталі вядомыя вынікі, многія сказалі: «Улады правялі кампанію па жорсткім сцэнары — ніводнага апазіцыянера».
Тое, што кампанія пайшла па жорсткім сцэнары, стала зразумела ледзь не з самага пачатку. Зняцце з эфіру выступленняў кандыдатаў, зняцце саміх кандыдатаў, беспрэцэдэнтна цынічная рэакцыя Ярмошынай (я кажу цяпер пра тое, што было да дня галасавання, таму яшчэ больш цынічны выступ Лукашэнкі з гэтай самай нагоды ў спіс не ўвайшоў) на інцыдэнт з фіксацыяй укідаў бюлетэняў.
Жорсткасць сцэнара ў дадзеным выпадку не залежыць ад колькасці прапушчаных або непрапушчаных. Па ўзроўні бязмежжа на адміністрацыйна-бюракратычным узроўні мінулую кампанію асабіста я (па сваёй памяці) магу параўнаць хіба што з кампаніяй 2004 года, калі ўлады папросту адразу зрэзалі ўсіх непажаданых і, дзеля таго, каб адмовіць кандыдату ў рэгістрацыі, ішлі нават на абсурдныя падробкі (як, напрыклад, у выпадку з нерэгістрацыяй Юрыя Глушакова ў Гомелі: на той момант ён быў дзейным дэпутатам гарадскога савета, выпусціў друкаваную справаздачу аб дзейнасці, а ўлады не паленаваліся звярстаць клон, дадаўшы туды заклікі галасаваць і выставілі гэта на пасяджэнні камісіі як узор датэрміновай агітацыі).
Але адзін момант быў у прынцыпе дастаткова ліберальным. Гэта тое, што ўлада практычна ўтрымалася ад жорсткай лініі на вулічных мерапрыемствах. Можна сказаць, што яны ж усе законныя, але гэта ўсё ўмоўна: згодна з Канстытуцыяй, усе вулічныя мерапрыемствы і па-за выбарамі законныя. Ужо пікет, анансаваны Нехта, нават нягледзячы на прысутнасць там кандыдатаў, ужо па факце таго, хто яго прасоўваў, улады маглі пры жаданні трактаваць як незаконны.
Усё гэта адбываецца на фоне развіцця беларуска-еўрапейскага дыялогу. Візіт Лукашэнкі ў Аўстрыю быў яшчэ падчас агітацыйнай кампаніі. Але вось сёння, ужо на наступны дзень пасля ганебнай кампаніі, стала вядома аб тым, што ЕС зацвердзіў візавае пагадненне. Як бачым, працэсы ідуць, і ўнутраныя гэтыя траблы нікога асабліва не кранаюць.
І сам Лукашэнка, як відаць па ім, не моцна перажывае, як адрэагуе Еўропа і ЗША на не проста стандартныя фальсіфікацыі, але і на новы ўзровень дзяржаўнага цынізму ў гэтым пытанні, упершыню агучаны ў ходзе менавіта гэтай кампаніі. А менавіта на прамыя заявы, што назіральнікаў будуць караць за выяўленне фальсіфікацый.
Усё гэта кажа, на мой погляд, пра тое, што кулуарна паміж Мінскам і Еўропай дасягнуты кансэнсус у адносінах, і заключаецца ён у тым, што ўнутрыпалітычнае жыццё нашай краіны больш не разглядаецца Захадам як фактар, які ўплывае на двухбаковыя адносіны, з адзінай умовай: каб не было негатыўнай карцінкі. Брутальныя разгоны вулічных акцый — гэта якраз негатыўная карцінка і ёсць.
Пятро Кузняцоў, заснавальнік «Моцных навін».
Думаю, у гэтай рамцы пройдзе і будучая прэзідэнцкая кампанія. Таму галоўнай задачай уладаў будзе «выйграць» мякка — гэта значыць, справакаваўшы ў грамадстве поўны разброд меркаванняў, адсутнасць адзінства і, такім чынам, глебы для пратэстаў.
Па-першае, не будуць дапушчаныя або самі не пойдуць колькі-небудзь сур'ёзныя кандыдаты. Магчыма, пабачым кагосьці новага і падстаўнога.
Па-другое, узровень адміністрацыйна-бюракратычнага бязмежжа зашкаліць.
Па-трэцяе, чакаем новых тэхналогій маніпуляцыі грамадскай думкай — некаторыя СМІ ўжо паказалі, як могуць рабіць гэта адносна непрыкметна на прыкладзе настаўніцы з партай. Акрамя таго, чакаем з'яўлення і раскруткі падстаўных блогераў-правакатараў, паколькі роля такога нефармальнага слова ўсё вышэйшая, а старое правіла «Калі не можаш перамагчы — узначаль» ніхто не адмяняў. Некаторыя такія блогеры ўжо, думаю, з'яўляюцца. Выяўляцца ж будуць пазней.
Па-чацвёртае, любым чынам будзе абяскроўлівацца «вулічная апазіцыя». Ну а што там па-пятае і па-шостае, а таксама па-сёмае і па-восьмае, час пакажа. Думаю, план там распрацоўваецца (ці ўжо) на поўным сур'ёзе.





