Стварэнне адзінай сістэмы падатковага адміністравання Расіі і Беларусі абмяркоўвалася ў рамках праграмы эканамічнай інтэграцыі дзвюх краін, распавяла намесніца міністра па падатках і зборах Беларусі Эла Сяліцкая РБК пасля пасяджэння Каардынацыйнага савета кіраўнікоў падатковых службаў дзяржаў СНД.

19 лістапада прэм'еры Расіі і Беларусі сем гадзін абмяркоўвалі праграму эканамічнай інтэграцыі. Не ўдалося ўзгадніць дзесяць з 31 дарожнай карты па розных галінах. Спрэчкі зноў выклікалі патрабаванні Мінска па кампенсацыі падатковага манеўру і па цэнах на энерганосьбіты. Плануецца, што 8 снежня ў Маскве — у дзень 20-годдзя падпісання Саюзнай дамовы — Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ўрачыста зацвердзяць выніковы план інтэграцыі.

У рамках праграмы інтэграцыі, у прыватнасці, абмяркоўваецца распрацоўка адзінага падатковага кодэксу, паведамляў Уладзімір Макей.

Як патлумачыла РБК намесніца міністра па падатках Беларусі, падатковага адміністравання тычацца дзве дарожныя карты, працу над якімі вядуць міністэрствы фінансаў дзвюх краін.

«Да ўчарашняга дня ў нас не былі ўзгоднены пытанні па падатковым адміністраванні», — удакладніла яна. Абмяркоўвалася стварэнне адзінай сістэмы падатковага адміністравання дзвюх краін.

«На мой погляд, гэта не зусім трэба, таму што першапачаткова мы вялі размову пра інтэграваную сістэму падатковага адміністравання. Таму што на тэрыторыі дзвюх краін ужо створаны аўтаматычныя інфармацыйныя сістэмы. І казаць пра тое, што сёння хтосьці павінен усё перабудаваць і ўзяць за аснову сістэму іншай дзяржавы, на мой погляд, не зусім правільна. Таму што ўкладзеныя сродкі бюджэту, падаткаплацельшчыкаў, сістэмы працуюць, даюць эфект», — сказала Сяліцкая.

«Узяць і ўсё памяняць — сэнсу няма, калі мы бачым эфект ад таго, што мы ўкаранілі. Таму, на наш погляд, нам проста патрэбна яшчэ раз перамоўная пляцоўка, дзе мы маглі б знайсці агульныя падыходы па гэтых пытаннях», — заявіла Сяліцкая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0