Лукашэнка правёў 22 лістапада нараду па тэме аграпрамысловасці Віцебшчыны і даў адлуп кіраўніцтву вобласці, зарэзаўшы некаторыя ініцыятывы Шарстнёва, у прыватнасці — стварэнне «супербуйнога холдынгу».
«Калі вы атрымалі адмоўны досвед чатырох холдынгаў з пяці, вы хочаце стварыць яшчэ адзін гіганцкі суперхолдынг? Як разумець вас тады? […] За апошнія пяць гадоў аб'ём вытворчасці сельгаспрадукцыі паменшаў амаль на 2%. У вас поўная стагнацыя! Вы коціцеся ў адваротны бок», — казаў Лукашэнка і ставіў пытанні аб тым, чаму ў вобласці склалася такая сітуацыя.
Агулам пра нараду інфармуе сайт кіраўніка дзяржавы.
Лукашэнка таксама даручыў Анфімаву «праверыць усіх, вывернуць іх работы і паглядзець, што там за інтэграцыйныя структуры».
На фоне гэтай нарады ўспамінаецца нядаўні матэрыял-інтэрв'ю «Нашай Нівы» са шматгадовым кіраўніком Глыбокага Алегам Морхатам, якога губернатар выжыў з работы акурат за публічную крытыку гэтых «інтэграцыйных структур».
Чытайце: Пра канфлікт з губернатарам, знесенага Леніна і перспектывы вёскі — шчыры маналог шматгадовага кіраўніка Глыбокага
Цяпер Алег Морхат працуе намеснікам старшыні барысаўскага выканкама па эканоміцы. Мы спыталі ў яго, а што ён думае пра нараду Лукашэнкі па Віцебскай вобласці? Бо выглядае, што многія ранейшыя тэзісы Морхата Лукашэнка фактычна пацвердзіў.
«Я ўважліва ўсё паслухаў і думаю, што мой боль усё ж такі пачуты, і з разбору пераканаўся, што я казаў усё правільна.
Толькі думаў, ці не схібіў, калі сказаў, што не супраць прыватызацыі? А вось і Лукашэнка таксама кажа: «Я бачу ў гэтым сэнс».
Агулам ён сказаў так: трэба больш працаваць, а не шукаць прычыны і нагоды, каб дзяржава больш давала — а вы будзеце там мудрыць? Не, трэба такія эксперыменты спыніць, вельмі далёка ўжо зайшлі. Што, жыць надзеяй, што вам нешта там даруюць, рэструктурызуюць, а вы створыце новую суперструктуру? І далей па-новай?
Адзінае, што я б тэхніку, пакуль не позна, аддаў бы ў рукі нармальных гаспадарак, дзе захаваліся механізатары. Бо адносна таго ж Глыбокага — яе ў камбікормавым заводзе могуць загубіць! Я вось цяпер у Барысаўскім раёне працую і радуюся, што тут правільная стратэгія — калі бедныя гаспадаркі не кінутыя, на ўзроўні аблвыканкамаў укладаюцца грошы ў зямлю і дойныя статкі, сыравіна ідзе куды трэба. Той жа прэзідэнт на нарадзе звярнуў увагу: чаму вы не рэфармуеце сыравінныя зоны так, каб сыравіна паступала на ўласную вытворчасць, а не камерсантам і не ў Расію?» — сказаў Морхат і дадаў, што, вядома з цікавасцю будзе назіраць за Віцебшчынай, якой аддаў столькі год работы.