Амаль праз 30 гадоў пасля аднаўлення незалежнасці Беларусі ўсё больш адчувальнай становіцца пагроза яе страты. Кажуць, таму, што незалежнасць дасталася нам задарма. Але ці так гэта? Пра падзеі 1991-га і пра маральныя каштоўнасці 2019-га ў размове з вядомым палітыкам і экс-дэпутатам Лявонам Баршчэўскім на старонках «Новага часу» разважае самы вядомы палітэмігрант і экс-дэпутат Зянон Пазьняк.

    — Незалежнасць Беларусі, здабытая 25 жніўня 1991 года, — гэта, перш за ўсё, быў вынік дасканалай працы парламенцкай Апазіцыі БНФ у зменных палітычных абставінах і ў збегу гістарычных падзей. Тут абсалютна ўнікальная з’ява ў палітыцы, калі невялікая апазіцыйная меншасць (8—10 адсоткаў) навязала сваю палітычную парадыгму дзейнасці ўсяму савецкаму парламенту (Вярхоўнаму Савету), дзе бальшыню (86 адсоткаў) складалі прадстаўнікі камуністычнай партыі.

    Унікальнасць была ў тым, што Фронт выйграў у парламенце ўсе галоўныя палітычныя бітвы з камуністычнай бальшынёй, выкарыстаўшы іхнія ж галасы: у тым ліку іх жа галасамі спыніў дзейнасць самой КПСС (КПБ) і камсамола ў Беларусі.

    У нацыянальнай адраджэнскай палітыцы гэта быў працэс, расцягнуты ў часе, — вынік цвёрдай стратэгіі і дасканалай тактыкі фракцыі Фронту.

    Калі б не існавала той унікальнай дэпутацкай фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, то тут абсалютна дакладная выснова: Беларусь не мела б незалежнасці.

    Без незалежнай Беларусі не было б Белавежскіх пагадненняў. Немагчыма было б дэнансаваць дамову аб СССР 1922 года без незалежнай Беларусі, бо Беларусь разам з Украінай і Расеяй была фармальнай заснавальніцай СССР. Савецкі Саюз застаўся б існаваць, а БССР сыграла б ролю камуністычнай Вандэі. (Тую ролю, якую ЦК КПБ меў у 1988—1989 гадах, і толькі Народны Фронт разбурыў тады гэтую «цэкоўскую» вандэйскую палітыку.)

    Колькі яшчэ мастадонтаў на свеце, што не разумеюць гэтых відавочных рэчаў, пішуць рознае глупства пра незалежнасць, якая ім звалілася «з неба». (Маўляў: «Вернулся с дачи, а в Минске независимость»).

    Гэта шчасце, што ў паваротны момант гісторыі ў Беларусі ўзнікла палітычная сіла нацыянальнага адраджэння (БНФ) і ў парламенце стварылася фракцыя гэтага руху, здольная выканаць гістарычныя задачы нацыі.

    Не ўдалося, аднак, ажыццявіць важны чыннік нацыянальнага будаўніцтва — змяніць уладу каланіяльнай адміністрацыі. Такія дзеянні (дэмакратычнага кшталту) не пад сілу толькі палітычнаму авангарду і мусілі б абапірацца на ўсё грамадства. Грамадства было яшчэ не гатовае да салідарных дзеянняў у агульнанацыянальных інтарэсах, дрэнна ўсведамляла прычыны эканамічнага пагаршэння. За савецкай акупацыяй яно было, практычна, задушанае. Не хапіла часу, каб яго адрадзіць. У выніку адбыўся маскоўскі рэванш у форме апанавання ўлады ў Беларусі прамаскоўскімі сіламі.

    Схема «авангард — нацыя» ёсць класічнай схемай нацыянальнага адраджэння для Усходняй Еўропы ХVIII—XIX і пачатку ХХ стагоддзяў. Для поўнай перамогі яна патрабуе часу, каб стварылася падтрымка грамадства і авангард стаў уладай. Гэтага часу беларусам тады не хапіла.

    Але гэта сыграла ролю. Яны зразумелі, што тут не хлопчыкі-дысідэнты, а сур’ёзныя мужы, якія разбіраюцца ў жыццёвых абставінах. Да некаторых, магчыма, на ўзроўні падсвядомасці, дайшло (ці мільганула), што ёсць каштоўнасці, якія яднаюць усіх людзей. Гэта сумленне. Нацыя не можа існаваць па законах нянавісці. Праўда, гэта ў іх былі толькі імпульсы. Беларуская партыйна-чыноўная наменклатура так і не дарасла да ўзроўню нацыі.

    Асаблівым клопатам (і гэта важна) было захаванне адзінства, імпэту і дзеяздольнасці дэпутацкай Апазіцыі БНФ. Лічу, што гэта ўдалося. У нас не ўзнікала і не было сварак, па­дзелаў і закалотаў. Мы захавалі адзінства, павагу і салідарнае ідэйнае сяброўства да апошняга дня нашага дэпутацтва.

    Пазбаўленне ад здраднікаў і агентуры адбывалася так ціха і інтэлігентна, што ніхто гэтага не заўважаў нават сярод журналістаў (аматараў сунуць нос, куды не трэба). Вымоўны прыклад — адключэнне ад Апазіцыі БНФ «Евгения Новикава». Цяпер, відаць, мала хто ведае, што гэты адыёзны тыпус, які пазней казаў па тэлебачанні, што амерыканцы з голаду пацукоў ядуць, у 1990—1991 гадах уваходзіў у дэпутацкую Апазіцыю БНФ і быў такі «дэмакрат», такі «рэвалюцыянер». На нейкім этапе гэты «рэвалюцыянер» раптам надрукаваў у газеце «За перадавую навуку» ненавісны злосны артыкул супраць БНФ (а сам жа — у фракцыі БНФ). Як кажуць, правакацыя для наіўных. Разлік на скандальчык. Правакатар у цэнтры ўвагі. Дэманстратыўны выхад з апазіцыі. Інтэрв’ю «Сов. Белоруссии». Заявы аб тым, як ён «убедился», што БНФ гэта «фашызм» і г. д.

    Мы абмеркавалі артыкул на пасяджэнні Апазіцыі БНФ (без правакатара) і вырашылі так, як некалі раіў Аляксандр Уласаў у польскім Сейме панам-сенатарам: «Усё будзе добра, панове, толькі нічога не трэба рабіць». Скарэктавалі дачыненні з агентам: не давалі яму даручэнняў, слухалі, што ён кажа, але не каментавалі, не пыталі, не пярэчылі. І ўсё так ветліва і «гжэчна», усміхаючыся, што правакатар павіс у бязважкасці і апаў, як асенні ліст. Праз месяц-паўтара, зразумеўшы, ён і на пасяджэнні Апазіцыі БНФ перастаў прыходзіць. Знік канчаткова.

    Па сваім палітычна-праўным значэнні, дзень 25 жніўня 1991 года — гэта найважнейшая дата нацыянальнай дзяржаўнай гісторыі Беларусі. Была створаная рэальная нацыянальная дзяржава з усімі атрыбутамі суверэнітэту, прызнаная ўсім светам, інтэграваная ў міжнародную супольнасць.

    Пытанне характару ўлады ў дзяржаве — гэта пытанне палітыкі. Існаванне самой дзяржавы — гэта пытанне нацыянальнага і міжнароднага права. Беларуская дзяржава Рэспубліка Беларусь ёсць — яна прызнаная, існуе.

    Тым часам 25 сакавіка 1918 года — гэта найвялікшая дата гісторыі беларускай нацыі і беларускай нацыянальнай ідэі. Аб’яўленне аб незалежнасці БНР ёсць, перш за ўсё, гістарычным фактам, які палітычна засведчыў існаванне новай беларускай нацыі. Калі б у 1918 годзе гэтага не здарылася, то ў тых умовах Беларусі б ужо не існавала. Беларусы заскочылі, як кажуць, у апошні вагон.

    Вырашальным было не тое, што БНР у тых умовах не адбылася як паўнавартасная дзяржава, што тэрыторыя яе была акупаваная і разарваная паміж іншымі дзяржавамі. Гістарычна істотнай тут была моцная маніфестацыя новай Беларускай нацыянальнай ідэі і ўвасабленне яе ў аб’яўленні беларускай незалежнай дзяржавы.

    «Беларусь» — гэта новы нацыянальны тэрмін, які палітычна сфарміраваўся ў ХІХ стагоддзі. Згодна з духам і зместам нацыянальнай ідэалогіі «Адраджэнне», дзень 25 сакавіка 1918 года, фактычна, абазначаў аднаўленне дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага пад нацыянальным назовам «Беларусь». Беларусь нацыянальна нарадзілася ў гэты дзень, і засведчыла пра сябе ў свеце. Сцяг быў падняты. Ідэя сцверджаная, прынятая народам і праз войны, акупацыі, генацыд, ахвяры, пакуты і вынішчэнні прывяла да 25 жніўня 1991 года — дня, калі незалежная дзяржава Беларусь стала рэальнасцю.

    Гэтыя даты трэба святкаваць як вялікія дзяржаўныя нацыянальныя святы. Так яно і будзе ў вольнай Беларусі.

    — Ці можна было нешта зрабіць іначай у першыя дні і тыдні пасля 25 жніўня — пакуль камуністычная наменклатура не ачомалася?

    — Практычна не. Наменклатура, дарэчы, хутка «ачомалася» і зразумела, што ўся ўлада засталася ў яе. 25 жніўня 1991 года ў пасляпутчавым трансе наменклатура на імгненне хіснулася да нас і аднагалосна прагаласавала за незалежнасць. Гэта аргумент. Пасля 25 жніўня яна пад ціскам грамадскасці пачала рэалізоўваць дзяржаўнасць беларускай мовы, стала адраджацца беларуская школа, узнікла паслабленне ў культуры, адукацыі, у палітычных свабодах, у выездзе за мяжу, у прадпрымальніцтве і інш. Усе гэта адчулі.

    Адначасна, пазбавіўшыся ад маскоўскага і партыйнага кантролю, асноўным сваім заняткам наменклатура зрабіла рабаванне дзяржаўнай маёмасці, вынікаў працы і ашчаджэнняў людзей. Змяніць гэта ўсё у тых умовах можна было толькі праз выбары новага парламенту. А гэта — зацятае змаганне за магчымасць выбараў, са зменаю Канстытуцыі і г. д. Выбараў наменклатура не хацела, прымаць новую канстытуцыю не спяшалася, а ў савецкім парламенце яе дэпутаты складалі абсалютную бальшыню.

    Але вельмі істотная прычына, якая дапамагла закансервавацца наменклатуры, — гэта рэзкі спад грамадскай пратэстнай актыўнасці. Бальшыня людзей, што ішла за Народным Фронтам, вырашыла, нібыта справа ўжо зроблена, камуністаў спынілі, незалежнасць ёсць, а значыць, можна заняцца сваімі справамі ды чакаць, што дзяржава цяпер ім усё дасць. Але ўлада засталася ў руках наменклатуры. Тым больш, у выніку злачыннай палітыкі гэтай наменклатуры, эканамічны стан у Беларусі пагоршыўся.

    Тады быў ліхаманкавы перыяд. Акрамя таго, што была абавязковая парламенцкая праца, мы, дэпутаты БНФ, не адпачывалі ад паездак па Беларусі, стараліся «прасвяціць» грамадства. За 1993 год я аб’ехаў разам з калегамі больш за сотню мясцінаў і выступаў перад людзьмі 149 разоў. Цяпер аж не верыцца, адкуль сілы браліся.

    — Чаго табе як палітычнаму эмігранту ўдалося дамагчыся, а чаго — не? У чым твая пазіцыя засталася незразумелай для заходніх палітыкаў розных пакаленняў і за што табе ў гэтай сувязі найбольш крыўдна?

    — Палітычная эміграцыя — гэта самы цяжкі від палітычнай дзейнасці. Цяжкі, найперш, таму, што для палітычнай працы неабходная свабода і вольны час. Але адначасна ў эміграцыі прыходзіцца выжываць. Тут каласальная праблема. Мусіць быць выбар. Альбо праца, бізнес, кар’ера, быт і дастатак. Альбо палітыка. Сумясціць тое ў эміграцыі, дзе эміграцыйная (чужая) палітычная справа не аплачваецца, практычна не магчыма. Я цікавіўся жыццём некаторых вядомых палітэмігрантаў. Не галадалі, можа, толькі Далай-Лама і Міхал Клеафас Агінскі. Мой выбар — палітыка і выжыванне.

    Шмат чым прыходзіцца зай­мацца і ў Нью-Ёрку, і ў Варшаве, але галоўная мая справа — Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ. Ідэёва я там, у Беларусі, увесь час, ведаю і адсочваю кожную падзею, кожную з’яву. Дасягненні ёсць. Але пра гэта не я павінен казаць.

    Некаторыя моманты мелі істотнае палітычнае значэнне. Сама наша эміграцыя разам з Сяргеем Навумчыкам у Амерыцы ў 1996 годзе адыграла вызначальную палітычную ролю. Найперш, і ў сродках масавай інфармацыі, і ў дзяржаўных структурах мы далі вычарпальную інфармацыю пра акупацыйную сутнасць антыбеларускага антыдэмакратычнага рэжыму ў Беларусі. (Я пісаў яшчэ ліст прэзідэнту Клінтану.)

    Само рашэнне аб прадстаўленні нам палітычнага прытулку вырашалася на найвышэйшым узроўні і абазначала выбар Амерыкі на карысць беларускай нацыянальнай пазіцыі, але не на карысць Лукашэнкі (якога, дарэчы, ужо паспеў прыняць з візітам прэзідэнт Францыі як дэмакратычна выбранага «лідара», хоць той якраз Гітлера хваліў).

    Цікава, што ніхто з рэжымных асобаў у Беларусі (не кажу ўжо пра так званых «дэмакратаў») не зразумеў палітычнай сутнасці нашай эміграцыі і эміграцыі ў ЗША, акрамя якраз Лукашэнкі. З ім прыключыўся псіхічны неўроз. Даведаўшыся пра наш ад’езд, ён ускочыў у аўтамабіль, націснуў на газ і папёр, куды вочы глядзяць. Ледзь злавілі. Пра гэта тады напісала, здаецца, газета «Имя».

    Пазіцыя ЗША не змянілася па сённяшні дзень. Але да маёй эміграцыі яна была не вызначаная.

    Другі момант, пра які варта ўспомніць. Удалося кардынальна паўплываць на афіцыйную пазіцыю ЗША адносна лістападаўскага антыканстытуцыйнага перавароту ў 1996 годзе ў Беларусі. (Гэта тады, калі прыляцеў з Масквы «дэсант» Чарнамырдзіна, Строева і Селязнёва ратаваць Лукашэнку ад імпічменту — уся расейская верхавіна ўлады, акрамя Ельцына.) У той дзень якраз я меў даклад на палітычным форуме ў Карнэгі-фондзе ў Вашынгтоне. У тры гадзіны ночы перад выездам з Нью-Ёрка ў Вашынгтон я пазваніў у Менск у сядзібу БНФ і даведаўся пра ўсе перыпетыі з маскоўскім «дэсантам».

    На форуме былі палітыкі з Кангрэсу, з Дзяржаўнага дэпартаменту, з расейскага пасольства і іншыя. Перад кожным палітыкам — удзельнікам форуму — ляжаў праект рэзалюцыі з падтрымкай місіі расейскага кіраўніцтва ў Менску ў развязванні палітычнага крызісу з імпічментам прэзідэнта.

    Убачыўшы праект рэзалюцыі, я адклаў свой даклад убок і сказаў, што буду гаварыць аб палітычных падзеях у Менску. А ўжо быў падрыхтаваны, але яшчэ не аддадзены ў друк «стэйтмант» Дзяржаўнага дэпартаменту з падтрымкай дзеянняў маскоўскага кіроўнага «дэсанту» ў Беларусі.

    Гэта Божая ласка, што я там апынуўся. Пасля дыскусіі і абмеркавання майго выступу прадстаўніца інфармацыйнай службы Дзяржаўнага дэпартаменту сказала, што стэйтмант будзе адкліканы, не надрукаваны і перагледжаны.

    А трэба разумець, што калі б ён быў надрукаваны, то сваю пазіцыю Дзяржаўны дэпартамент ужо не змяніў бы. Узурпатар у Менску атрымаў бы, фактычна, фармальную падтрымку ЗША.

    У 2002 годзе, калі рэжымныя ўлады пракладвалі дарогу праз Курапаты, і было вялікае змаганне за зберажэнне гэтага Народнага Мемарыялу савецкага генацыду, я напісаў ліст Генеральнаму дырэктару UNESCО Каіціра Мацуура з просьбай аб дапамозе ў зберажэнні Курапатаў. Апісаў яму, што гэта такое і сутнасць праблемы. Я атрымаў добры і падрабязны ліст у адказ, дзе дырэктар Мацуура паведаміў мне, што неўзабаве прыедзе ў Менск і абавязкова зоймецца гэтым пытаннем.

    8 ліпеня 2002 года чыноўнік сапраўды быў у Менску, сустракаўся з рэжымнымі ўладамі, міністрамі і намеснікамі, але нават не наведаў Курапаты. Рэжымныя ўлады яму ўсё патлумачылі, і японцу гэтага было дастаткова.

    Чыноўнікі ва ўсім свеце аднолькавыя, розняцца толькі ўзроўнем ветлівасці (альбо яе адсутнасцю), узроўнем культуры і дзяжурнымі ўсмешкамі (альбо іх адсутнасцю).

    Аднойчы я афіцыйна спаткаўся з чыноўнікам Дзярждэпартаменту Іанам Бжэзінскім (сынам Збігнева Бжэзінскага). Ветлівы чалавек насцярожыў мяне тым, што не разумеў па-польску і прадставіўся «Іан», а не «Ян». Мая інфармацыя пра Беларусь яго так зацікавіла, што ён вырашыў афіцыйна з’ездзіць у Менск, папрасіў у мяне тэлефоны і рэкамендацыі, з кім з апазіцыйных палітыкаў спаткацца.

    Ён сапраўды паехаў у Менск, сустрэўся там з функцыянерамі адміністрацыі Лукашэнкі, Міністэрства замежных спраў і вярнуўся ў Вашынгтон, задаволены сабой і інфармацыяй, якую там атрымаў.

    Іншая катэгорыя чына-палітыкаў — гэта скрытыя і адкрытыя непрыяцелі Беларусі, якія выкарыстоўваюць міжнародныя арганізацыі ў антыбеларускай палітыцы. Гэта назіраецца толькі ў Еўропе. Класіка — немец Ханс Георг Вік і ягоны палітычны супольнік румын Адрыян Севярын.

    Асноўны змест іх дзейнасці ў Беларусі за перыяд місіі — далучыць Беларусь да Расеі. Інтэграцыя з Расеяй, сцвярджалі яны, зробіць Беларусь дэмакратычнай. Пазней Севярын (на той час спецдакладчык па Беларусі ў ААН) заявіў, што беларусы «не маюць ідэнтыфікацыі».

    Потым высветлілася, што гэты «сябра Беларусі» прысвойваў бюджэтныя сродкі Еўрапарламенту, накраў там 436 тысяч еўра і яшчэ быў замяшаны ў карупцыі. У выніку — з Еўрапарламентам яму прыйшлося развітацца і сесці ў румынскую турму.

    Тут я зраблю дэгрэсію, каб растлумачыць такую пазіцыю тых еўрапейцаў.

    Аднойчы, калі мы (наша партыя КХП-БНФ) ужо аб’явілі Ганса Віка персонай нон грата і раскрылі ягоную антыбеларускую ролю, ён прыслаў да мяне ў Варшаву свайго пасланца, з якім я меў доўгую гутарку. З падтэксту ўсёй інфармацыі вынікала, што, маўляў, пэўныя немцы зацікаўленыя, каб межы Расеі прысунуліся б пад Буг. Гэта напружыць Варшаву і дасць магчымасць «пэўным немцам» падціскаць Польшчу і прымусіць яе нервавацца наконт асвоеных нямецкіх тэрыторыяў. Беларусь тут — натуральны буфер, і немцам толькі замінае.

    На першы погляд, усё гэта выглядае палітычнай шызафрэніяй. Але так ужо ўладкаваныя мазгі спецразведчыкаў — Віка, Пуціна, Бабіча і т.п. Аказваецца, аднак, што тое, як не дзіўна, даўно праяўляецца ў рэальнай палітыцы.

    Разумныя палітыкі, выхаваныя на традыцыйных гуманітарных каштоўнасцях, на Захадзе таксама ёсць. Але яны ў мяншыні, не салідарныя.

    Радыкальную альтэрнатыву ў Еўропе ствараюць такія ж «адвязаныя» правыя, як і экзальтаваныя левакі, толькі з іншай арыентацыяй. Але прадажнасць такая самая — што ў левых, што ў ультраправых (і адны, і другія бяруць грошы ў Масквы). Гэта, дарэчы, вымоўна ілюструе нядаўні скандал у Аўстрыі з адстаўкай ураду Себасцьяна Курца.

    Дык вось, эміграцыя дала мне магчымасць убачыць бліжэй тое, што было далёка. Братам-беларусам я б параіў: уцякайце далей ад Расеі і не лезьце ў Еўрасаюз. Уступіць у будучыні Беларусь магла б толькі ў NАТО.

    І наконт сваёй эміграцыі — нечаканай для іншых (нечаканай, бо нічога не ведалі). Рашэнне аб эміграцыі звязана з лёсам. Я ніколі раней пра эміграцыю не думаў і не абдумваў пры ўсіх пагрозах жыццю. Але рашэнне прыняў раптоўна, хутка, рашуча і адзіна правільнае. Альтэрнатывай эміграцыі была толькі смерць. Я ведаў ад пачатку, што за істота залезла на трон, і цану натоўпу, што яе акружае. Абстрагуючыся ад свайго прыватнага існавання, мяркую, што для беларускай палітыкі ўсё ж лепш, калі я жывы, чым калі б не жыў.

    Хаця былі і скрайнія разважанні. Арыгінальная Валерыя Навадворская раскрытыкавала мяне і заявіла, што лепш, каб я не ехаў у эміграцыю, а даў бы сябе забіць і стаў бы такім чынам героем, сцягам нацыі (значыцца, імя маё стала б, бо мяне не было б).

    «Гераізм» тут даволі сумнеўны. За мяжой я застаўся ў беларускай палітыцы, таксама выдаў 35 кніжак (паэзія, проза, публіцыстыка, фотамастацтва), выпусціў 70 нумароў адраджэнскага часопіса «Беларускія Ведамасці», створана і выдадзена разам з групай энтузіястаў перспектыўная праграма «Вольная Беларусь».

    — Ці можна сучасны Захад яшчэ павярнуць да палітыкі, заснаванай на маральных каштоўнасцях?

    — Малаверагодна. Хіба што, калі разваліцца Еўрасаюз. Але тады ўзнікнуць новыя дэманы. Калі звярнуцца да еўрапейскай хрысціянскай гісторыі, якая перажывала ў маральным плане нешта падобнае, як цяпер, у часы Рэнесансу і Ігната Лаёлы, то адрадзіць маральны парадак і натуральнасць магла б вялікая духоўная ідэя, якая б захапіла народы. Ідэі, вышэйшай за хрысціянства, не будзе. А хрысціянства ў Еўропе ўжо амаль што разбуранае. І ніхто гэтага як бы не заўважае.

    Другі варыянт, калі звярнуцца да гісторыі Рыма, — гэта дыктатура, якая, як і ў Рыме, зробіць пасля дэмакратыі без берагоў жорсткую санацыю грамадства. Гэтага варыянту ў Еўропе ў бліжэйшы час не будзе.

    Дэмаграфічная акупацыя і цывілізацыйны канец цяперашняй Еўропы, пра які гавораць аматары прароцтваў, у прынцыпе, магчымы. Але прагнозаў рабіць не варта. Калі ідзе нейкі разбуральны працэс светабудовы, то (зыходзячы з сённяшняга дня) можна здагадацца, што будзе, скажам, праз тысячу, але не праз 10 тысячаў дзён. Бо ніхто не ведае, якія ўзнікнуць праявы супраціву, калі яны ўключацца супраць разбуральных падзей і якую ролю яны адыграюць.

    — Эмігранцкі хлеб, вядома, нялёгкі. Чаго табе найбольш бракуе па-за Беларуссю? Калі б гіпатэтычна з’явілася мажлівасць вярнуцца ў Беларусь, куды б ты адразу адправіўся, што б пачаў рабіць?

    — Бракуе Беларусі. Калі б вярнуўся, адразу б пайшоў на магілу маці. Потым у Курапаты. Пэўне, маліўся б і дзякаваў Богу, што даў мне магчымасць падыхаць паветрам Радзімы. На чужыне — іншае паветра. Нават здаецца, што яго там няма.

    Клас
    0
    Панылы сорам
    0
    Ха-ха
    0
    Ого
    0
    Сумна
    0
    Абуральна
    0

    Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?