10 сьнежня — Дзень правоў чалавека. У гэты дзень на плошчы Якуба Коласа ініцыятыва «Маршыруй, дзетка» зладзіла «арт-інтэрвенцыю» супраць хатняга гвалту над жанчынамі, піша Радыё Свабода.

На плошчы Якуба Коласа актывісткі расставілі 36 пар абутку, які яны сабралі за дзень праз суполку ў Facebook. Акцыя прысвечаная глабальнай кампаніі супраць хатняга гвалту ў дачыненні жанчын і дзяўчатак.

Сёлета лозунг кампаніі — «Расфарбуй свет у аранжавы колер. Пакаленне роўнасці выступае супраць згвалтаванняў». Таму валанцёркі пафарбавалі абутак у аранжавы.

Туфлі сімвалізуюць ахвяр, пацярпелых ад хатняга гвалту. Сёлета ад хатняга гвалту ў Беларусі загінулі 55 чалавек.

«У нас дагэтуль няма закону аб хатнiм гвалце. А гэтыя жанчыны i дзецi апынулiся ў такіх сітуацыях. Мы выбралі абутак для арт-інсталяцыі, бо ён красамоўна гаворыць пра людзей, якіх больш няма», — кажа адна з каардынтарак ініцыятывы Марына Корж.

Такія акцыі ўжо праходзілі ў Стамбуле, Рыме, Ерэване.

Раней улады забаранілі пікеты супраць хатняга гвалту ў Мінску. Пікеты планавалі правесці 9 і 10 снежня ў Кіеўскім скверы ў межах кампаніі «16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0