32-гадовы кухар з Салігорска падманваў патэнцыйных арандатараў: знаходзіў у інтэрнэце кліентаў і браў у іх перадаплату, але з абавязковай умовай — засяліцца ў кватэру можна будзе толькі праз месяц, паведамляе міліцыя.

Пацярпелыя верылі ў гісторыю арэндадаўца пра хуткі ад'езд за мяжу і ў магчымасць зняць жыллё на працяглы тэрмін. Для большай пераканаўчасці падчас здзелкі падазраваны перадаваў кліентам загадзя вырабленыя дублікаты ключоў ад кватэры.

Аднак беларус не збіраўся ехаць за мяжу і здаваць нерухомасць. Пазней высветлілася, што ён родам са Слуцка і сам жыў у арэндным жыллі.

У выніку кліенты не засяліліся ў абяцаны тэрмін і запатрабавалі вярнуць грошы. Аддаваць доўг было няма чым, таму мужчына з'явіўся з павіннай у праваахоўныя органы.

Сышчыкі знайшлі 8 пацярпелых. Ім нанесены ўрон на агульную суму звыш 2 тысяч даляраў. Усе грошы падазраваны змарнаваў у гульнявых клубах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0