Інтэлектуальны стрыт-арт можна знайсці на вуліцах Гогаля, Камсамольскай і Маякоўскага ў Брэсце, піша Брестская газета.
У цэнтры Брэста на вуліцах Гогаля, Камсамольскай і Маякоўскага прапісаліся вершы Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна і Ніны Мацяш.
Такія муралы ў Брэсце з'явілася дзякуючы вучню гімназіі №1 Дзянісу Рабчуку, які прыдумаў валанцёрскую ініцыятыву #vershybrest і падаў сваю ідэю на конкурс у рамках Школы праектнага менеджара, якая праводзіцца Агенцтвам рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч».
«Ідэя з'явілася нечакана, падчас прагулкі у Львове, дзе ўжо ёсць падобныя муралы. Тады я падумаў і вырашыў: «Трэба дзейнічаць». Я напісаў невялікі праект #vershybrest, падаў яго на конкурс у рамках «Школы праектнага менеджара» і перамог у ім. Атрымаў фінансаванне на маляванне трох вершаў», — распавядае Дзяніс Рабчук.
Акцыя атрымала падтрымку гарадскіх уладаў.





