Ад моманту знікнення і, хутчэй за ўсё, забойства Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага прайшло ўжо больш за 20 гадоў. Паводле беларускага заканадаўства, прыцягнуць да адказнасці за здзяйсненне асабліва цяжкіх злачынстваў можна на працягу 15 гадоў. Гэта значыць, што забойцы палітыкаў ужо не адкажуць перад судом? Пра гэта «Наша Ніва» спытала ў юрыста і праваабаронцы Паўла Сапелкі.

Павел звяртае ўвагу, што ў 1999 годзе сілавікі завялі крымінальныя справы па артыкуле 101 Крымінальнага кодэкса рэдакцыі 1960 года «Наўмыснае забойства». Паводле гэтага артыкула, абвінавачаным магло пагражаць ад трох да дзесяці гадоў зняволення.

Але Сапелка звяртае ўвагу, што абвінавачанне можа быць перакваліфікаванае на артыкул 100 КК «Наўмыснае забойства пры абцяжваючых абставінах», паколькі забойцы маглі дзейнічаць «арганізаванай злачыннай групай» альбо праз тое, што забітыя выконвалі «службовы альбо грамадскі доўг». Паводле гэтага артыкула, абвінавачаныя маглі быць прысуджаныя да смяротнага пакарання. І менавіта гэты факт мяняе расклады адносна тэрміну даўніны.

Артыкул 83 цяперашняга Крымінальнага кодэкса прадугледжвае: «Пытанне аб ужыванні тэрмінаў даўніны да асобы, якая ўчынiла злачынства, за якое яму можа быць прызначана пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення або смяротнага пакарання, вырашаецца судом». То бок няглядзячы на тэрмін даўніны, крымінальныя справы, якія могуць прадугледжваць пажыццёвае зняволенне ці расстрэл, могуць усё адно разглядацца ў судзе.

Пры гэтым, паводле беларускага заканадаўства, абвінавачаных у такім разе ўсё адно не могуць пакараць пажыццёвым альбо вышэйшай мерай. Максімум — пазбаўленне волі.

Але і гэта не ўсё. Існуе яшчэ адзін цікавы пункт заканадаўства, тлумачыць Павел Сапелка.

Тэрмін даўніны спыняюцца, калі да іх сканчэння злачынец здзяйсняе новае наўмыснае злачынства. 

Лічыцца, што крымінальнік так і не стаў на шлях выпраўлення, а значыцца, адлік тэрміну даўніны пачынаецца з дня здзяйснення новага злачынства.

То бок калі на працягу 1999-2014 забойцы аказаліся датычнымі хоць да чагосьці — хоць захоўванне зброі, хоць распаўсюд парнаграфіі, хоць фінансавыя махінацыі, — расстрэльны артыкул зноў можа стаць актуальным.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?