Юры Гараўскі (справа), архіўнае фота

Юры Гараўскі (справа), архіўнае фота.

Яўген Міхайлоўскі праходзіў разам з Юрыем Гараўскім тэрміновую службу ў менскай вайсковай частцы 3214. Ён кажа, што інтэрвію былога саслужыўца выклікала хвалю абмеркаваньняў, піша радыё «Свабода».

Падчас размовы Яўген Міхайлоўскі адразу зазначае, што сябраваў зь Юрыем толькі падчас «курса маладога байца» пасьля прызыву ў войска. Затым Гараўскі трапіў у 1-ю роту, а сам Яўген Міхайлоўскі ў 2-ю. Пасьля 1998 году іхныя шляхі разышліся, і кантактавалі яны толькі час ад часу як былыя саслужыўцы.

«Так, я ведаю Юрыя Гараўскага, мы разам зь ім служылі ў вайсковай частцы 3214, гэта было ў 1996—98 гадах, — расказаў Свабодзе Яўген Міхайлоўскі. — Потым ён застаўся на кантракце ў трыццацьдвойцы (в\ч 3214. — РС), а я паступіў у Вайсковую акадэмію. Толькі Гараўскі ня ў САХРы служыў, здаецца, а проста ў 3214. Але адносіны падтрымлівалі, перапісваліся, што ды як».

Міхайлоўскі гаворыць, што відэа з удзелам былога саслужыўца яшчэ ня бачыў, толькі чытаў яго тэкставую вэрсію, выкладзеную на партале TUT.BY. Яўген перакананы, што калі агучаныя яго былым саслужыўцам падзеі мелі месца, то Гараўскі быў бы апошнім, хто мог у іх удзельнічаць.

«Я магу адразу сказаць, што на 99,9% ён там ніякага ўдзелу не прымаў, гэта ўсё фэйк, — кажа саслужывец Гараўскага. — Па-першае, ён быў не на тым узроўні, каб удзельнічаць у такіх справах. Увогуле ніяк. Па-другое, ён назваў рэальныя прозьвішчы хлопцаў, зь якімі ён нібыта служыў разам. Сказаў, што сам быў намесьнікам камандзіра групы. Гэтага не магло быць. У тым ліку з прычыны яго маральных і фізычных якасьцяў. Гэта фэйк. Пра Юравы маральныя якасьці я магу сказаць нецэнзурна: «пі…бол».

Яўген Міхайлоўскі кажа, што Гараўскі сапраўды трапляў у сур’ёзную аўтамабільную аварыю, якая магла мець непрыемныя для яго наступствы, у тым ліку псыхалягічныя. Пра тое, ці насамрэч Юры Гараўскі некалькі гадоў правёў у СІЗА на Валадарцы, Міхайлоўскі нічога ня ведае.

«Пра сумесную службу зараз мала што магу ўзгадаць, гэта вельмі даўно было, — кажа Міхайлоўскі. — Ён сьлізкі быў, невыразны. Дзе добра — там ён, дзе дрэнна — там яго няма. Такі чалавек, як зьмяя. Іншыя саслужыўцы ў прынцыпе таксама былі пра яго такой думкі. Гараўскі стараўся выбіцца ў лідэры, але ў яго гэта не атрымлівалася. Так, быў здаровы, высокі. Але больш нічога зь сябе не ўяўляў. Ня мог ён у такім удзельнічаць, яго б у жыцьці нікуды не ўзялі. Ну не 99,9%, то 80% я даю, што ён ня мог браць удзелу ў такіх справах. Яму нехта падрыхтаваў усё, Юра выклаў, атрымаў прытулак і зваліў адсюль. Пасьля аварыі, відаць, памутненьне ў яго здарылася».

Яўген Міхайлоўскі кажа, што ўжо пасьпеў абмеркаваць інтэрвію Гараўскага зь іншымі былымі саслужыўцамі з вайсковай часткі 3214. Ён гаворыць, што ўсе яны вельмі скептычна паставіліся да агучанай Юрыем Гараўскім вэрсіі пра яго ўдзел у апэрацыі зьнішчэньня апазыцыйных палітыкаў.

«Быў бы там нехта іншы з названых Гараўскім байцоў, мы б яшчэ паверылі, — кажа Яўген Міхайлоўскі. — Але толькі ня ён».

Пра сваё стаўленьне да вэрсіі аб дачыненьні байцоў САХРу да зьнікненьня Ганчара, Захаранкі і Красоўскага былы спэцназавец гаварыць катэгарычна адмаўляецца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?