Wikimedia Commons

Wikimedia Commons

Узбекістан стаў краінай года паводле версіі брытанскага часопіса The Economist. На думку рэдакцыі, у 2019 годзе становішча спраў у гэтай краіне стала «прыкметна менш дэспатычным». Пазітыўныя змены пачаліся яшчэ ў 2018 годзе, калі прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў ініцыяваў рэформы, «якія паскорыліся за апошні год», піша РБК.

«Тры гады таму Узбекістан быў старамоднай постсавецкай дыктатурай, закрытым грамадствам з выключнай жорсткасцю і некампетэнтнасцю», — гаворыцца ў матэрыяле. Аўтары адзначаюць, што рэжым ранейшага прэзідэнта, Іслама Карымава, прымушаў мужчын, жанчын і дзяцей працаваць на плантацыях, з-за чаго краіна была напоўнена дысыдэнтамі, з якімі вялася актыўная барацьба.

Пасля смерці Карымава ў 2016 годзе да ўлады прыйшоў Мірзіёеў, аднак, як сцвярджае выданне, ва Узбекістане спачатку мала што змянілася. Да актыўных дзеянняў новы прэзідэнт перайшоў у 2018-м. Яго ўрад у значнай ступені спыніў прымусовую працу, дазволіў працаваць замежным журналістам, адкрыў больш памежных пераходаў, прыняў рашэнне закрыць адну з самых суровых турмаў — «Жаслык». «Замежных тэхнакратаў запрашаюць дапамагчы перабудаваць дзяржаўную эканоміку», — адзначае часопіс.

На думку The Economist, Узбекістану яшчэ трэба прайсці доўгі шлях, але ў 2019 годзе «ніводная іншая краіна не прасунулася так далёка».

У гэтым годзе рэдакцыя выдання разглядала некалькі кандыдатаў на званне краіны года. Акрамя Узбекістана ў спіс трапілі Новая Зеландыя, Паўночная Македонія і Судан.

Новая Зеландыя была адзначана часопісам за дзеянні ўрада пасля нападаў на мячэці ў горадзе Крайстчэрч, Паўночная Македонія — за саступкі Грэцыі і змену сваёй назвы, а Судан — за звяржэнне дыктатуры Амара аль-Башыра.

У мінулым годзе The Economist выбіраў паміж Арменіяй, Малайзіяй і Эфіопіяй. У выніку званне краіны года атрымала Арменія, якая, на думку часопіса, паказала, што «мае шанцы на дэмакратыю і абнаўленне».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?