Колькасць загінулых ад смяротнага каранавіруса ў кітайскім горадзе Ухань, правінцыя Хубэй, павялічылася да 6 чалавек. 

На апошніх звестках, усяго ў горадзе зарэгістравана 227 выпадкаў заражэння новым вірусам, з якіх 25 выпісаныя са шпіталяў, у той час як 11 чалавек знаходзяцца ў крытычным стане, 51 — у цяжкім, 6 чалавек памерлі. 

Каранавірус 2019-nCoV выклікае пнеўманію. Першыя выпадкі заражэння былі зафіксаваныя ў горадзе Ухань на рынку морапрадуктаў. Таму эксперты выказалі здагадку, што ён распаўсюджваецца праз прадукты з мяса марскіх сысуноў, напрыклад бялух (белых дэльфінаў). Таксама там прадаюць курэй, кажаноў, трусоў, змей, адзначае Бі-бі-сі. Хутчэй за ўсё, сярод іх і варта шукаць крыніцу заражэння.

Трывогу выклікаў той факт, што вірус распаўсюджваецца ад чалавека да чалавека. Як паведамілі ўлады Кітая, заразілася ўжо 15 медыцынскіх работнікаў, што лекавалі першых хворых.

Аэрапорты ЗША, Аўстраліі і большасці краін Азіі паведамілі, што ўводзяць медычны скрынінг для пасажыраў на рэйсах з Уханя. Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў Кітаі цяпер святкуецца Новы год і сотні мільёнаў людзей там перамяшчаюцца з рэгіёна ў рэгіён.

22 студзеня адбудзецца экстраннае пасяджэнне Сусветнай арганізацыі аховы здароўя з-за новага смяротнага каранавіруса 2019-nCoV. Там будуць выпрацаваны рэкамендацыі для барацьбы з 2019-nCoV.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0