Пяцёра лідараў апазіцыйных палітычных партый абвесцілі пра працэдуру абрання адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары-2020. Простай яе зусім не назавеш.

Прэзентацыя адбывалася ў гатэлі Crown Plaza. Палітыкі абралі круглую залу з салярнай сімволікай на столі, падзеленай на дванаццаць сектараў па знаках задыяку. Апазіцыянеры не сядзелі за сталом, а сталі перад шасцю бел-чырвона-белымі сцягамі.

Выступалі па чарзе Юрась Губарэвіч (Рух «За Свабоду»), Віталь Рымашэўскі (БХД), Мікалай Казлоў (АГП), Ігар Барысаў (БСДП), Рыгор Кастусёў (Партыя БНФ). Лідар партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук таксама прысутнічаў на мерапрыемстве, хоць яго арганізацыя не далучылася да працэдуры.

Могуць далучыцца да працэдуры і іншыя партыі і арганізацыі. Напрыклад, БСДГ Сяргея Чэрачаня, але пакуль такога жадання ён не выяўляў.

Яшчэ перад пачаткам на мерапрыемства прыйшлі прадстаўнікі кампаніі «Свежы вецер». Міхась Янчук у майцы «Кастусёў або смерць» трымаў у руках марыянетку-блазна. Гэткім чынам ён дэманстраваў сваё стаўленне да вылучэння кандыдатаў на выбары. «Мы ўжо дзесяць гадоў топчамся на адным і тым жа месцы», — казаў Янчук.

«Гэта шоу-бізнэс», — пасмяяўся Павел Севярынец. Сам ён сядзеў у зале, а не быў сярод выступоўцаў.

Карэспандэнт «НН» атрымаў ушчуванне ад прэс-сакратара АГП Ганны Красулінай за загаловак «Губарэвіч ці Севярынец?».

Што тычыцца працэдуры праймерыз, то яна атрымалася складанай. Паспрабуем растлумачыць прасцей.

Перад пачаткам праймерыз маецца 100 балаў на ўсіх кандыдатаў. Ад самага пачатку па 2 балы атрымлівае кожная партыя.

Наступныя 30 балаў будуць разыграныя падчас інтэрнэт-галасавання. Будзе створаны адмысловы сайт, на якім за кандыдатаў можна будзе прагаласаваць.

Яшчэ 30 балаў будуць разыграныя падчас паездак па рэгіёнах (кандыдаты маюць намер аб’ездзіць каля 80 гарадоў).

І нарэшце апошнія трыццаць балаў разыйдуцца падчас Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Кожная партыя будзе мець там па 100 прадстаўнікоў, а асацыяваныя сябры — па 25.

Чытайце таксама: Каб абраць адзінага кандыдата, апазіцыя набыла анлайн-платформу чэшскага мільярдэра. Як яна працуе?

У выніку той, хто набярэ найбольш галасоў, і будзе адзіным ад апазіцыі. Працэдура скончыцца ў другой палове мая.

Аднак лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў прапанаваў вызначыцца з адзіным ужо сёння. Ён прапанаваў кандыдатам Паўла Севярынца. Маўляў, Партыя БНФ гатовая ахвяраваць дзеля Паўла сваімі інтарэсамі. Калегі па цэху не адважыліся падтрымаць прапанову Рыгора Андрэевіча.

Да кандыдата вылучылі шэсць патрабаванняў. Трэба выступаць за:

  1. незалежнасць і супраць дыктатуры;
  2. абарону сацыяльных і эканамічных правоў беларусаў;
  3. выхад з АДКБ і саюзнай дзяржавы;
  4. развіццё беларускай мовы і культуры;
  5. добрасуседскія адносіны з Еўрасаюзам, Расіяй і ЗША;
  6. недапушчальнасць знешняга ўмяшальніцтва ў справы Беларусі.

Цікава, што да адзінага будзе яшчэ патрабаванне не казаць нічога, што супярэчыць традыцыйным сямейным каштоўнасцям. Мабыць, хрысціянскія дэмакраты прапхнулі гэты пункт.

Заяўкі па кандыдатах будуць прымацца да вечара 16 лютага. Ад кандыдата будзе патрэбна 200 подпісаў у падтрымку, а таксама 500 еўра на арганізацыйныя выдаткі. 4 сакавіка будуць вядомыя ўсе прозвішчы кандыдатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?