Міністэрства энергетыкі Казахстана прапрацоўвае з Беларуссю пытанне аб магчымых пастаўках нафты чыгуначным транспартам і па сістэме трубаправодаў. Пра гэта паведаміў у аўторак журналістам першы віцэ-міністр энергетыкі Казахстана Мурат Журабекаў, піша tass.ru.
«Мы сёння абмяркоўваем пастаўкі чыгуначныя, трубаправодныя пастаўкі могуць быць [па нафтаправодзе] «Атыраў — Самара» і могуць быць па сістэме «Дружба», — расказаў Журабекаў, адказваючы на пытанне аб перамовах з Беларуссю па пастаўках нафты.
Ён адзначыў, што Казахстан не вядзе з Расіяй перамоваў аб магчымых пастаўках нафты ў Беларусь. «Транспарціроўка нафты праз сістэму «Дружба» была ініцыятывай Беларусі. Мы лічым, што гэтае пытанне павінна вырашацца паміж Беларуссю і Расіяй», — растлумачыў Журабекаў.
Раней пасол Казахстана ў Беларусі Аскар Бейсенбаеў паведаміў, што Казахстан дасягнуў вуснай дамоўленасці з «Транснафтай» аб транзіце сваёй нафты ў Беларусь.
У Мінэнерга Казахстана ўдакладнілі, што Беларусь больш зацікаўленая не ў гатовых нафтапрадуктах, а ў сыравіне для перапрацоўкі агульным аб'ёмам больш за 3,2 млн тон у год.





