Фота з фэйсбука
Беларуса Сцяпана Свідзерскага ў Польшчы асудзілі на год турмы з трыма гадамі адтэрміноўкі. Такі прысуд быў яму вынесены 27 студзеня за некалькі стрэлаў, зробленых у офісе агенцтва Reuters у 2017 годзе, перадае Еўрарадыё са спасылкай на rmf24.pl.
Суд прызнаў Свідзерскага вінаватым у стварэнні непасрэднай небяспекі страты жыцця і здароўя. Першапачаткова яму выстаўлялі абвінавачанне ў замаху на забойства.
Здарэнне адбылося 14 лістапада 2017 года. Па словах Свідзерскага, ён прыйшоў у кампанію Thomson Reuters, дзе працаваў аналітыкам. Хлопец меў пры сабе спартовую зброю, на якую ў яго ёсць дазвол. Свідзерскі заявіў, што футарал з яго зброяй захапіў чужы чалавек і не рэагаваў на заўвагі. Таму беларус зрабіў папераджальныя стрэлы.
«Мае паводзіны, мае крокі былі зробленыя з мэтай абароны зброі, якую паводле законаў я павінен мець пры сабе. Я ні на кога не нападаў, не пагражаў, ад самага пачатку здарэння і да канца я прасіў выклікаць паліцыю, каб скончыць гэтае здарэнне», — казаў Сцяпан.
У судзе 27 студзеня распавялі, што футаралам беларуса зацікавіўся ахоўнік офіса. Паміж ім і Свідзерскім пачалася барацьба, і беларус два разы стрэліў. Падчас здарэння ніхто не пацярпеў.





