Ад 28 студзеня чатыры найбуйнейшыя медыя-холдынгі Украіны закадзіравалі свае сігналы, глядзець папулярныя тэлеканалы можна будзе толькі з абаненцкай платай, піша nv.ua.
Кадзіраванне тэлеканала — гэта закрыццё вольнага, бясплатнага доступу да яго трансляцыі на спадарожніку. Змены закрануць тых, хто ловіць сігнал ТБ праз спадарожнікавую талерку — у тым ліку беларусаў, якія глядзелі так навіны паўднёвых суседзяў у арыгінале.
Зараз, каб глядзець тэлеканал, украінцам давядзецца падлучыцца да афіцыйнага аператара спадарожнікавага тэлебачання і замяніць стары прыёмнік (цюнэр) на новы. Падключэнне будзе каштаваць ад 60 грывень (каля 7,5 руб.) за месяц.
На платны доступ перайшлі 23 тэлеканалы:
- СТБ, ICTV, Новы канал, М1, М2, Оце ад StarLightMedia;
- 1+1, 2+2, ТЕТ, плюс Плюс, УНІАН ТБ, Бігудзі ад 1+1 media;
- Інтэр, НТН, К1, К2, Мега, Піксель, Zoom, Enter-фільм ад Inter Media Group;
- Украіна, НЛА TV, Індыга TV ад Медыя група Украіна.
У адкрытым доступе застануцца рэгіянальныя, нішавыя і яшчэ шэраг тэлеканалаў. Іх каля 40.





