30 студзеня 1995 года, роўна 25 гадоў таму, калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда вынесла смяротны прысуд 23-гадоваму Ігару Капыціну. Тым не менш, яму — адзінкавы выпадак у гісторыі незалежнай Беларусі! — удалося захаваць жыццё. Больш за тое, ужо шмат гадоў Капыцін на волі. «Наша Ніва» расказвае гісторыю жорсткасці і літасці, якая адбылася чвэрць стагоддзя таму ў Віцебску.

Ігар Капыцін. Фота з ok.ru.

Ігар Капыцін. Фота з ok.ru.

Пра Ігара Капыціна нічога не ведаюць пошукавыя сістэмы ў інтэрнэце, нялёгка знайсці нейкія звесткі і ў тагачаснай прэсе. На гэта прозвішча натыкнулася багаслоў Наталля Васілевіч, якая працуе над тэмай смяротнага пакарання і ўдзелу царквы ў публічных дэбатах па гэтым пытанні.

Яна знайшла згадку пра Капыціна ў артыкуле мітрапаліта Філарэта «Тэзісы аб смяротным пакаранні» (1996). Публікацыя выйшла напярэдадні рэферэндуму, на якім беларусы сказалі «так» смяротнаму пакаранню. Царква заняла іншую пазіцыю, але старалася не дужа яе выпячваць. «Забіццё чалавека немагчымае ў хрысціянстве. Царква не помсціць забойствам за забойства, бо гэта грэх перад Богам», — пісаў у публікацыі мітрапаліт.

Мітрапаліт Філарэт.

Мітрапаліт Філарэт.

Там жа і была згадка пра Ігара Капыціна, за якога хадатайнічала Беларуская праваслаўная царква. У выніку яму замянілі расстрэльны прысуд на пятнаццаць гадоў зняволення. Цікава, што ў пазнейшых публікацыях гэтага ж артыкула ўладыкі згадку пра Капыціна выкінулі.

Хто ж такі гэты Ігар Капыцін і ў чым яго абвінавачвалі? «Чуткі пра гэтае страшнае забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю і цынізмам, перапалохалі горад. 18 сакавіка між 11 і 12 гадзінамі дня ў кватэру 45-гадовай жанчыны, якая пражывала ў Віцебску на праспекце Будаўнікоў, зайшлі нечаканыя госці. Сын, які пачуў сэрцам бяду і прыбег на месца здарэння, знайшоў забітую маці», — пісала ў 1993 годзе газета «Витебский курьер».

На лаве падсудных за забойства апынуліся чацвёра маладых віцебчукоў: Ігар Капыцін, Юрый Глазуноў, Вячаслаў Свірыдзенка і Вячаслаў Тарабука. Тарабука прыйшоў у праваахоўныя органы з павіннай, па ягоных паказаннях і ўдалося затрымаць астатніх удзельнікаў.

Ігар Капыцін. Фота з ok.ru.

Ігар Капыцін. Фота з ok.ru.

Да якіх высноваў прыйшло следства? Усе чацвёра арыштаваныя на той момант не мелі судзімасцяў, ніхто з іх не працаваў. На разгульнае жыццё яны зараблялі рабаўніцтвам. За месяц да забойства яны абчысцілі кватэру па адрасе Леніна, 22. Вынеслі адтуль магнітафон, тэлефон, фен, скураную куртку, ікону, сумку. Усё скрадзенае атрымалася аператыўна прадаць.

Групоўка не чакала ўдачы, беручы выпадковыя кватэры. Яны загадзя вылічвалі, дзе можа быць нажыва, і ўжо тады рыхтавалі разбой. Пра кватэру на праспекце Будаўнікоў Ігар Капыцін даведаўся ад былога зяця гаспадыні, нейкага Васільева. Ён жа расказаў і пра замок, і пра тое, дзе што ляжыць. Злачынцы ведалі, што гаспадары часта бываюць у Польшчы, і таму ў іх ёсць шмат дэфіцытных рэчаў.

Перад тым, як пайсці на справу, група выпіла для смеласці самагонкі. Патэлефанавалі ў кватэру, але слухаўку зняла гаспадыня, Таіса Собаль. Яна працавала выхавальніцай у доме дзіцяці.

Патэлефанавалі ў другі раз — тое самае. У трэці — зноў. Зрэшты, жанчына не будзе перашкодай, рашылі яны.

Свірыдзенка і Тарабука засталіся стаяць на «шухеры», а вось Капыцін і Глазуноў забраліся ў кватэру. На судзе мужчыны казалі, што не планавалі забойства, яны хацелі проста аглушыць Собаль, каб тая страціла прытомнасць, аднак усё пайшло не па плане. Пасля таго, як Глазуноў некалькі разоў ударыў 45-гадовую жанчыну, яна працягвала крычаць, але была ў прытомнасці.

Капыцін пабег па кватэры шукаць валюту і іншыя каштоўныя рэчы, ад Васільева ён загадзя ведаў, дзе што знаходзіцца. Аднак на ўказаных месцах нічога не было. Пасля гэтага Капыцін падбег да Таісы і стаў яе катаваць, каб тая расказала ўсё. На ўсім целе забітай былі нажавыя раненні. Але яна так нічога і не расказала. Рабаўнікі забралі відэамагнітафон, тэлевізар, норкавыя шапкі. Усё гэта працягвалася не больш за паўгадзіны. На развітанне рабаўнікі ў апошні раз парнулі нажом ахвяру. Пасля гэтага яна і памерла.

У выніку Ігара Капыціна прысудзілі да смяротнага пакарання, Юрыя Глазунова — да пятнанаццаці гадоў зняволення, Вячаслава Свірыдзенку — да шасці, а Вячаслава Тарабуку — да чатырох.

Адразу пасля абвяшчэння прысуду асуджаныя звярнуліся ў Вярхоўны суд з апеляцыяй. І хоць спачатку здавалася, што шанцаў на пераразгляд мала, аднак напрыканцы снежня 1995 года пленум Вярхоўнага суда замяніў расстрэльны вырак на пятнаццаць гадоў зняволення. Справа ў тым, што ў сітуацыю ўмяшалася Беларуская праваслаўная царква.

Валерый Ярчак ад канца 1980-х да пачатку 2000-х быў адвакатам пры Беларускім экзархаце. Шточацвер ён ладзіў прыём грамадзян, на адзін з такіх прыйшла маці Ігара Капыціна.

«Я асабіста з ім ніколі не сустракаўся. Да мяне прыходзіла ягоная маці — гэта быў адзіны яе сын. Шмат разоў прыходзіла, яна там ледзьве не спала ў епархіі. Як я дзейнічаў? Заўсёды праз пакаянне. Здаецца, яна працавала акушэркай. Калі расказвала пра ўсё, то аж захлёбвалася ў слязах. Разумееце, яна ж забівала дзяцей! А цяпер заб’юць яе адзінае дзіця. Я, вядома, прапісаў ёй споведзь, сказаў, што калі нехта са сваякоў не быў адпеты, то трэба адпець. І трэба маліцца, каб яна магла пахрысціцца», — расказвае «Нашай Ніве» Валерый Ярчак.

Валерый Ярчак — катэгарычны праціўнік смяротнага пакарання.

Валерый Ярчак — катэгарычны праціўнік смяротнага пакарання.

«Капыцін быў адзіным, хто ніяк не адкупіўся ад прысуду, не з такой сям’і ён быў. Але яго маці стала так моцна маліцца, так каяцца, што гэта быў проста Божы цуд. Ці быў сам Капыцін вернікам, я нават не памятаю. Здаецца, мы пісалі пра памілаванне на імя прэзідэнта. Усё, што я мог зрабіць, каб выратаваць чалавека, я зрабіў. І мітрапаліт Філарэт падпісаў прашэнне не пазбаўляць Капыціна жыцця», — кажа Ярчак.

Ярчак сцвярджае, што ў той час яму часта даводзілася спрачацца з мітрапалітам Філарэтам на гэтую тэму. «Уладыка выступаў за смяротнае пакаранне спачатку. Казаў, глядзіце, што робіцца! Я казаў, што па-хрысціянску нельга пазбаўляць жыцця. Потым ён са мной пагадзіўся.

Я заўсёды выступаў супраць смяротнага пакарання. Артыкул 26 Канстытуцыі сцярджае, што ў нас кожны мае права на жыццё, але пры тым існуе смяротнае пакаранне. Тады, значыць, не кожны».

Для разумення постаці Валерыя Ерчака. Гэта аўтар ксенафобскай і антысеміцкай кнігі «Слова і справа Івана Жахлівага». Гэта кніга прызнаная экстрэмісцкай як у Беларусі, так і ў Расіі. Ярчак настолькі захапіўся постаццю Івана Жахлівага, што нават прапаноўваў кананізаваць яго. У 90-я, будучы адвакатам, ён абараняў у судзе прапагандыста Юрыя Азаронка, на якога падаў у суд лідар БНФ Зянон Пазняк за фільм «Дзеці хлусні». «Перад рашэннем суда мы паехалі з Азаронкам да грабніцы Івана Жахлівага, бо прачыталі, што да рэвалюцыі да яго ездзілі людзі, якіх несправядліва пакаралі ў судзе. Прыехалі, памаліліся. А потым Мінскі гарадскі суд стаў на наш бок. Вось, думаю, табе і Іван Жахлівы!»

Цікава, што Ярчак быў адвакатам па справе забойства лідара РНА ў Беларусі Глеба Самойлава. У адным з інтэрв’ю ён прамым тэкстам казаў, што да забойства быў датычны кіраўнік САХРа Дзмітрый Паўлічэнка, гэтую выснову ён зрабіў пасля азнаямлення з матэрыяламі справы. Ярчак актыўнічаў у «Саюзе рускага народа» ў Беларусі, але там яго погляды, а менавіта сумесь праваслаўных і паганскіх перакананняў, палічылі непрымальнымі. Цяпер ён часам ездзіць з лекцыямі па Расіі.

«Нашай Ніве» ўдалося знайсці і самога Ігара Капыціна. Цяпер яму 48 гадоў, працягвае жыць у Віцебску. Калі ён прачытаў у сацыяльных сетках пытанне на беларускай мове, то адказаў хутка: «Я размаўляю толькі ПА-РУСКУ». Пасля гэтага ён не адказваў, калі пытанне не было перакладзенае на рускую.

Ігар Капыцін. Фота з ok.ru.

Ігар Капыцін. Фота з ok.ru.

«Рашэнне мне замянілі не праз хадатайніцтва царквы, і не адна яна хадатайнічала. А па фактах, то былі нестыкоўкі, адсутнасць доказаў, паказанні сведкаў, але навошта падымаць гэтую тэму праз столькі гадоў?» — адказаў Капыцін.

Цікава, ён лічыць сябе несправядліва прысуджаным да смяротнага пакарання, але сам выступае за крайнюю меру. «Смяротнае пакаранне — не панацэя, але дастойная ўзнагарода тым, хто пераступіў праз мяжу чалавечнасці. Па заслугах і ўзнагарода. Пра святара трэба было ўспамінаць не «пасля», а «да».

«Я сваё адсядзеў. Кропка. Жыву выдатна! Сям’я, машына, дача… і сабака ў прыдачу. Працую, здаровы і вясёлы. Знайдзіце іншую тэму», — на гэтым Капыцін адмовіўся далей размаўляць.

Як стала вядома «Нашай Ніве», гэта было далёка не адзінае хадатайніцтва Беларускай праваслаўнай царквы, каб смяротны прысуд быў заменены больш гуманным, але толькі ў выпадку з Капыціным гэта прынесла плён.

На момант асуджэння Капыціна альтэрнатывай смяротнаму пакаранню было пазбаўленне свабоды — максімум на 15 гадоў. Але ў 1997 годзе ў Крымінальны кодэкс унесеныя праўкі: максімальны тэрмін зняволення цяпер — 25 гадоў, таксама ўвялі паняцце пажыццёвага зняволення. Прысуджаныя да пажыццёвага зняволення могуць выйсці на свабоду датэрмінова пры выкананні абавязковых патрабаванняў. Па-першае, бездакорныя паводзіны падчас зняволення. Па-другое, трэба адседзець мінімум 20 гадоў. Рашэнне прымае суд, які ўлічвае стан здароўя зняволенага, ягоны ўзрост, характарыстыку ад выпраўленчай установы. Пра выпадкі, калі б пажыццёва зняволеных датэрмінова вызвалялі, невядома (гэта пытанне магло б разглядацца ў 2018 годзе, калі прайшло 20 гадоў з моманту першых пажыццёвых прысудаў). Па стане на 2019 год у Беларусі на пажыццёвым зняволенні ўтрымлівалася 160 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?