Суд у Санкт-Пецярбургу арыштаваў двух ураджэнцаў Кыргызстана, якія наносілі на гарадскія будынкі выявы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з надпісам «Убачыш — забі». Іх абвінавачваюць у закліках да тэрарызму, паведамляе Фонтанка.
22-гадовыя Ісламбек Парпіеў і Мухамадазіз Ішматаў каля 40 разоў нанеслі на гарадскія будынкі ў Петраградскім і Цэнтральным раёнах выявы прэзідэнта Расіі.
Следчыя расцанілі гэта як заклікі да тэрарызму. Суд арыштаваў хлопцаў на два месяцы. Акрамя тэрарызму іх абвінавачваюць таксама ў вандалізме.
Арыштаваныя распавялі, што графіці яны наносілі па замове невядомага праз Telegram, які прапанаваў ім за гэтую працу грошы.





