Студэнты, якія вярнуліся з вакацый з Кітая, акрамя аздараўленчага комплексу «Брыганціна», будуць часова размяшчацца і ў Мінскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі «Загор'е» (некалькі кіламетраў на паўднёвы ўсход ад сталіцы), піша Tut.by.

— У мэтах забеспячэння бесперапыннага медыцынскага нагляду за студэнтамі з КНР, якія працягваюць навучанне ў беларускіх універсітэтах, наладжана іх аздараўленне ў САК «Брыганціна» БДУ і ў Мінскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі «Загор'е», — адзначае прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.

Яна падкрэслівае, што гэта студэнты, якія не кантактавалі з хворымі каранавірусам, не наведвалі эпідэмічна-праблемныя раёны і, больш за тое, да выезду ў Беларусь ужо прайшлі 14-дзённы прафілактычны каранцін у Кітаі. На вучобу ў Беларусь ужо вярнуліся 174 кітайскія студэнты, усяго на вакацыі з'язджалі 920 чалавек.

Беларусаў, якія планавалі рэабілітацыю ў «Загор'і», размесцяць у рэабілітацыйных цэнтрах пад Мінскам у вёсках Аксакаўшчына і Атоліна.

Па словах Юліі Барадун, цяпер у «Загор'і» завяршаецца падрыхтоўчая праца да прыёму студэнтаў. Усе медыцынскія супрацоўнікі прайшлі дадатковую падрыхтоўку. Для студэнтаў тут будзе арганізавана індывідуальная форма навучання. Такія ж меры эпідэмічнай бяспекі ўведзены ва ўсіх абласцях краіны, дзе навучаюцца студэнты з Кітая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0