Беларусь чакае два танкеры нафты з перавалкай у Літве, паведамляе Інтэрфакс.
«Так, пацвярджаю», — заявіў прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка.
Разам з тым ён адзначыў, што пакуль не можа назваць краіну-прадаўца нафты.
Раней BNS са спасылкай на «Літоўскія чыгункі» (Lietuvos gelezinkeliai) паведаміла, што ў Клайпеду ў сакавіку прыйдуць яшчэ два грузы нафты для Беларусі — два танкеры даставяць па 85 тыс. тон нафты.
Па словах прадстаўніка чыгуначнай кампаніі Марцінаса Бурбы, нафтатрэйдар «Беларуская нафтавая кампанія» (БНК) інфармаваў чыгунку, што танкеры чакаюцца 3-4 сакавіка і 13-15 сакавіка.
Менеджар Klaipedos nafta (аператар нафтатэрмінала ў Клайпедзе) па камунікацыі Арынта Баркаўскайце сказала BNS, што пакуль незразумела, адкуль прыйдзе нафта, невядомыя таксама і назвы танкераў.
Lietuvos gelezinkeliai плануе перавозіць з Клайпеды да беларускай мяжы па 100-150 вагонаў з нафтай у суткі.
Напрыканцы студзеня ў Клайпеду прыйшло першае судна з нарвежскай нафтай для Беларусі. Аб'ём партыі складае 86 тыс. тон, гэта нафта гатунку Johan Sverdrup. Уся нафта будзе перапрацаваная на «Нафтане».





