Днямі медыяпрастора загудзела аб дзіўным выніку справы расійскага святара Мікалая Кірэева. Яго прысудзілі на 5 гадоў і 6 месяцаў за сутэнёрства.
Улетку 2019 года Кірэева адправілі «дасядзець» у Расію. А там яго раптам вызвалілі.
Спачатку паведамлялася, што Кірэева апраўдалі. Але гэтая фармулёўка недакладная. Насамрэч Ленінградскі абласны суд «адмяніў рашэнне суда Віцебска ў сувязі з істотным парушэннем крымінальна-працэсуальнага закона Расіі». У выніку святара-сутэнёра проста выпусцілі на волю.
«У 2017 годзе. у Беларусі айцу Мікалаю былі прад'яўленыя лжывыя абвінавачванні, з-за якіх святар правёў 2,5 года ў месцах пазбаўлення волі. Сваю віну ён ніколі не прызнаваў.
Сам айцец Мікалай, уся сям'я святара, духавенства і вернікі цалкам падтрымлівалі абвінавачанага святара і яго сям'ю. Цяпер ён знаходзіцца на неабходным яму медыцынскім лячэнні», — паведамляе Выбаргская епархія.
Нагадаем, Кірэеў быў асуджаны за тое, што вазіў беларусак у Расію займацца прастытуцыяй. Яго затрымалі на вакзале, калі бацюшка збіраўся ехаць у Пецярбург разам з дзвюма жанчынамі. Ён пазнаёміўся з імі ў інтэрнэце, потым, калі яны пагадзіліся на «працу», асабіста заехаў у Віцебск, каб забраць жанчын.
Чытайце таксама:
Расійскі святар паехаў у тур па манастырах, а знайшоўся ў Віцебску ў прытоне з прастытуткамі
Віцебскі суд разгледзеў апеляцыю расійскага святара, які абвінавачваецца ў сутэнёрстве





