Кібератаку ў кастрычніку 2019 года ў Грузіі здзейсніў Генеральны штаб Узброеных сіл Расіі, — пра гэта на надзвычайным брыфінгу ў міністэрстве замежных спраў Грузіі заявіў прадстаўнік ведамства Уладзімір Канстанцінідзі, паведамляе грузінскае тэлебачанне.
Маштабная кібератака ў Грузіі адбылася 28 кастрычніка 2019 года. Пацярпелі сотні сайтаў, уключаючы вэб-партал і ўнутраную сетку Першага канала Грузіі. Часова было перапынена вяшчанне Радыё Грузіі. Акрамя таго, адключылася некалькі тэлеканалаў і розныя вэб-парталы.
Ахвярай атакі стала і вэб-старонка адміністрацыі прэзідэнта Грузіі. Пры адкрыцці старонкі з'яўлялася фота экс-прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі з надпісам «Я вярнуся».
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа абвінаваціў у кібератацы на Грузію галоўнае ўпраўленне расійскага генштаба і канкрэтна вайсковую часць нумар 74455, вядомую таксама як Sandstorm («Пясчаная бура»).
Брытанскі Форын-офіс таксама асудзіў дзеянні расійскай вайсковай разведкі, накіраваныя супраць Грузіі. «Брытанія, Грузія і замежныя партнёры выявілі, што ГРУ — расійская вайсковая разведка — нясе адказнасць за шэраг значных кібератак супраць Грузіі ў мінулым годзе», — адзначае брытанскае знешнепалітычнае ведамства. Міністр замежных спраў Брытаніі Дамінік Рааб назваў дзеянні хакераў ГРУ нахабнымі і безразважнымі.





