Першы выпадак заражэння каранавірусам новага тыпу зафіксаваны ў Каралеўстве Бутан. Пра гэта ў пятніцу заявіў прэм'ер-міністр краіны Лота Цэрынг.
Ён паведаміў, што каранавірус выяўлены ў 76-гадовага амерыканскага турыста, які ў панядзелак прыбыў у краіну з Індыі.
Школы і іншыя ўстановы ў раёнах Бутана, якія наведваў заражаны, будуць зачыненыя на тры тыдні.
Бутан — унікальная краіна ў Гімалаях, мяжуе з Індыяй і Кітаем. Яе плошча як Мінская вобласць і яшчэ пару раёнаў Магілёўскай, а насельніцтва — 750 тысяч чалавек.
Саманазва — Друк-Юл (Краіна Дракона), да 1970-х яна была цалкам закрытай, і толькі ў 1972 г. уступіла ў ААН, адкрыла межы і стала пускаць турыстаў. Праўда, візы там вельмі дарагія. 250 даляраў на дзень.
Эканоміка Бутана вельмі слабая, чыгункі няма зусім, а адзіны аэрапорт — Паро. Узлёт і пасадка тут адна з самых складаных у свеце.
Урад Бутана афіцыйна не разглядае ВУП як мерку развіцця эканомікі, а арыентуецца на паказчык Валавага нацыянальнага шчасця як ключавога элемента будаўніцтва эканомікі на аснове будысцкіх духоўных каштоўнасцяў.





