Самая гучная крымінальная справа Расіі апошняга часу — так званая справа «Сеткі». Яна наўпрост не датычыць Беларусі, таму не выклікала вялікага рэзанансу ў нашай краіне.
У розных гарадах Расіі ў 2017 годзе арыштавалі 11 чалавек. Спачатку затрымалі хлопца з наркотыкамі. Каб выйсці на свабоду, ён даў паказанні на сяброў-анархістаў, маўляў, яны стварылі арганізацыю «Сетка», хацелі з дапамогай тэрактаў дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне і зладзіць левую рэвалюцыю. Праўда, у рэальнасці не паспелі зрабіць нічога, незразумела нават, ці была ў гэтай «Сеткі» хоць нейкая структура і хоць нейкі план.
Пад катаваннямі (у тым ліку электрычнасцю) затрыманыя прызналі сваю віну, і хоць у судзе адмовіліся ад ранейшых паказанняў, сямёра з іх атрымалі тэрміны ад 6 да 18 гадоў зняволення.
Чытайце. Фігурантам справы па так званай тэрарыстычнай групе «Сетка» ў Расіі далі аграмадныя тэрміны — іх прызналі палітвязнямі
У абарону анархістаў паўстала ўсё грамадства — катаваць нельга нікога. Іх абвесцілі палітвязнямі.
Аднак сітуацыя змянілася, калі ліберальнае выданне «Медуза» апублікавала дадатковае расследаванне па тэме. Яго аўтар — журналіст Максім Солапаў, сам некалі актывіст анархісцкага руху, сталініст па поглядах.
Ён запэўніваў, што звязаўся з сябрам асуджаных анархістаў, Аляксеем Палтаўцом, які паспеў уцячы ва Украіну.
Палтавец прызнаўся, што чацвёра фігурантаў справы «Сеткі» былі датычныя да наркагандлю ў Пензе, а таксама да забойства двух паплечнікаў, закаханай пары Арцёма Дарафеева і Кацярыны Леўчанка.
На «Медузу» абрынуўся шквал крытыкі, бо абвінавачванне ў забойстве не было падмацавана нічым, апроч маналога ўцекача Палтаўца. Але галоўнае, што ва ўдзельнікаў «Сеткі» сфарміраваўся пазітыўны імідж пакутнікаў, які разбіваўся гэтым артыкулам. Выданне абвінавацілі ў сувязях са спецслужбамі.
Карыкатура на «Медузу», якая з'явілася пасля гэтага артыкула
«Медуза» тым не менш працягвала гнуць сваю лінію і апублікавала яшчэ адзін маналог Палтаўца, на гэты раз з падрабязнасцямі забойства.
Сам Палтавец, маўляў, прывёў у выкананне смяротны прысуд Дарафееву, вынесены грамадой. Ён стрэліў у хлопца, але нешта пайшло не так, таму пасля перарэзаў яму шыю. А Кацярыну задушылі шалікам.
Прычынай забойства маладзёнаў стала тое, што яны маглі расказаць паліцыі пра датычнасць астатніх актывістаў да наркагандлю.
Забітая Кацярына Леўчанка.
Цела Дарафеева знайшлі яшчэ раней, а Леўчанка ўсё яшчэ лічылася зніклай без следу.
Выглядае, што інфармацыя Палтаўца аказалася праўдзівай. Паліцыя пачала пошукі на месцы, указаным Палтаўцам. Там знайшлі труп забітай Кацярыны Леўчанка і той шалік, пра які ён згадваў у сваім маналогу.





