У Нясвіжы вырашылі заняцца рэстаўрацыяй колішніх прамысловых будынкаў, якія знаходзяцца на Савецкай, 18. Гэта малаказавод, узведзены яшчэ за савецкім часам, зачыніўся ён пяць год таму. Да яго прымыкае больш старажытная прыбудова — колішняя афіцэрская казарма 27-га ўланскага палка імя караля Стэфана Баторыя. Па некаторых звестках, там жа месціўся афіцэрскі клуб і казіно.

Малаказавод адрэстаўруюць і пакажуць тыя часткі, якія дабудоўваліся да яго пазней. Аднавіць першасную карціну сёння магчыма дзякуючы знойдзеным здымкам 30-х гадоў XX стагоддзя.

Завершаны перадпраектныя працы, цяпер адбываецца карэктаванне. Неўзабаве пройдзе грамадскае абмеркаванне. Частка грошай на рэстаўрацыю ўжо вылучана. Скончана расчыстка тэрыторыі, такім чынам пляцоўка падрыхтавана да рэканструкцыі.

Агульная плошча будынкаў складае 1500 кв.м. Пасля аднаўлення яны будуць аб’яднаныя агульнай лофтавай стылістыкай. «Такога ў Беларусі яшчэ не было!» — упэўнены дырэктар музея-запаведніка «Нясвіж» Сяргей Клімаў.

Згодна з праектам, у старых прамысловых будынках правядуць рэваларызацыю — гэта значыць, рэканструююць і нададуць ім новыя функцыі. Унутры пабудоў размесцяць экспазіцыйныя залы Музея хлеба, кавярню, а таксама пякарню. У адукацыйным цэнтры ахвотных навучаць гатаваць старажытныя стравы. Тут можна будзе даведацца, як выпякаўся хлеб прадстаўнікамі розных канфесій і нацыянальнасцей, якія жылі ў Нясвіжы. Будзе прадстаўлена кухня Радзівілаў, а таксама мяшчан.

Гістарычна побач з малаказаводам знаходзілася шмат пякарань — іх было каля 10. Менавіта таму даследчыкі вырашылі, што варта зрабіць на гэтай тэрыторыі невялікую пякарню.

Спачатку адукацыйны цэнтр адчыняць у самім Нясвіжскім замку, а дакладней у сутарэннях, у якіх знаходзілася кухня Радзівілаў. Бо на рэстаўрацыю малаказавода патрэбны час. Пасля таго як яго адновяць, кухню з адукацыйным цэнтрам перанясуць туды.

У галоўным корпусе прамысловых будынкаў зробяць музей, прысвечаны сельскай гаспадарцы. Адметна, што ў ім будзе выкарыстаны не этнаграфічны, а тэхналагічны падыход.

Звычайна ў музеях сельскай гаспадаркі прадстаўляюць побытавыя рэчы сялян, але нясвіжскім даследчыкам было цікава паказаць рэчы, якія выкарыстоўваліся ў буйных гаспадарках. Тут пакажуць гісторыю інавацый у сельскай гаспадарцы, якія з’явіліся ў канцы ў XIX стагоддзя, — у той час, калі адмянілі прыгон і трэба было па-новаму апрацоўваць зямлю.

Сяргей Клімаў адзначае, што Радзівілы мелі вельмі развітую прамысловую сельскую гаспадарку. Яны былі пародненыя са многімі еўрапейскімі радамі, мелі маёмасць у Італіі, у Францыі, адкуль прывозілі перадавыя еўрапейскія тэхналогіі. 

— Сваю гаспадарку нясвіжскія Радзівілы вялі паспяхова ў самым пачатку XX стагоддзя. А пасля ім перашкодзіла Першая сусветная вайна і Руска-польская вайна. У 1913 годзе яны спехам пакідалі вотчыну, — удакладняе дырэктар. — У 1920 годзе вярнуліся ўжо ў спустошаны замак. Іх заспела палітыка парцэляцыі, якая праводзілася тут польскімі ўладамі. Землі забралі і аддалі асаднікам. Аднак Радзівілы ўсё адно працягвалі займацца прамысловасцю і гандлем — прадаваць лес, збожжа — мелі свой невялікі заводзік. Я на свае вочы бачыў бляшанку з-пад агуркоў з завода Альбрэхта Радзівіла.

У многіх фальварках Радзівілы мелі лакамабілі (паравыя машыны). Яны былі стацыянарнымі, перасоўнымі або рухаліся — апошнія пазней называлі трактарамі. Стацыянарныя машыны выкарыстоўвалі на вытворчасці — у гаспадарцы Радзівілаў імі жалі, напрыклад у Цімкавічах і ў Радзівілімонтах. Такімі прыладамі быў абсталяваны і завод Радзівілаў у Дзяніскавічах.

— Для будучага музея ўжо набылі лакамабіль вагой 4,5 тоны, — распавядае Сяргей Клімаў. — Амаль такую ж машыну Радзівілы выкарыстоўвалі на лесапілцы ў Свержані. Дарэчы, і цяпер на тым жа месцы ў Новым Свержані ёсць лесапільны завод. Радзівілаўскі завод узарвалі немцы. Аднак рабочыя адкапалі паравую машыну. Прыблізна такую ж, для музея, атрымалася набыць у ЗША — аналагаў у Беларусі няма. Да яе будзе прыстасавана малацілка — такім чынам можна будзе ўбачыць, як апрацоўвалася зерне. У будучай калекцыі ёсць яшчэ адна прылада, называецца «Perkun», польскай вытворчасці, аднак яна не настолькі ўнікальная, аналаг захоўваецца ў музеі ў Заслаўі. Такая машына прыводзіла ў рух млыны. Яе нясвіжскаму музею перадалі ў дар з мясцовага калгаса.

«Радзівілаўскіх лакамабіляў мы не знайшлі, — удакладняе вучоны сакратар музея-запаведніка «Нясвіж» Уладзімір Каралёнак. — Нават калі яны перажылі вайну, хутчэй за ўсё, іх здалі на металалом. Таму набылі такі лакамабіль, які калісьці выкарыстоўвалі на тэрыторыі Беларусі. Гэта гіганцкая машына, створаная ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Набывалі яе ў прыватнага калекцыянера».

Таксама Уладзімір Каралёнак удакладніў, чаму побач з колішняй магнацкай рэзідэнцыяй вырашылі адкрываць менавіта сельскагаспадарчы музей:

 — Штогод Нясвіж прымае 400 тысяч турыстаў. Банальна не хапае паветра ў залах у гадзіны пік. Таму мы вырашылі стварыць музей-антыпод, дзе будзе паказана, за кошт чаго жылі Радзівілы. Мы хацелі ажывіць горад. Бо цяпер турысты прыязджаюць у Нясвіжскі замак, а потым адразу накіроўваюцца ў Мір. Горад не атрымлівае ад гэтага грошы. Таму было вырашана зрабіць зоны, дзе турысты змогуць затрымацца і пазнаёміцца з экспанатамі.

Варта дадаць, што раён, дзе месцяцца прамысловыя будынкі, быў часткай горада ўжо пры Радзівілах. Тут знаходзіўся гарадскі тэатр, непадалёк пралягалі равы. А малаказавод за савецкім часам узвялі ў самым цэнтры — паміж касцёлам, царквой і старой сінагогай. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?