У Пухавіцкім гарнізоне атруціліся 13 вайскоўцаў. У вайсковай часці праверылі ежу — з ёй усё ў парадку. Гэтую інфармацыю Tut.by пацвердзіла афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Наталля Гаўрусік.
Фота: Дзяніс Васількоў, Tut.by.
— У адной з вайсковых часцей Пухавіцкага гарнізона напярэдадні ўначы некалькі вайскоўцаў былі шпіталізаваны. З дыягназам «атручэнне» іх даставілі ў галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных Сіл у Мінску, — распавяла Наталля Гаўрусік.
Жыццю вайскоўцаў цяпер нічога не пагражае. Камісія Мінабароны высвятляе, з-за чаго магло адбыцца атручэнне. Ежу ў вайсковай часці ўжо праверылі, і яна ў поўным парадку.





