Фота: Мінск-Навіны.
Актывісту Піліпу Шаўрову, якога затрымалі пасьля таго, як у студзені ён пафарбаваў рукі помніка Пушкіну, выставілі канчатковае абвінавачаньне і вызначылі нанесеную шкоду, піша Радыё Свабода.
Пра гэта жонка актывіста Вольга паведаміла са спасылкай на адваката. Яна сказала, што справа складаецца з трох эпізодаў, яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Якія гэта эпізоды?
- Пафарбаваў у чырвонае рукі помніка Пушкіну.
- Намаляваў бел-чырвона-белы сьцяг на помніку загінулым пры выкананьні доўгу міліцыянтам і вайскоўцам унутраных войскаў МУС Беларусі. За гэтыя дзьве правіны абвінавачаны ў хуліганстве. Максымальнае пакараньне — да 2 гадоў пазбаўленьня волі.
- Нанёс графіці «Свабоду Севярынцу». Абвінавачаны ў апаганьваньні і порчы маёмасьці. Максымальнае пакараньне — да 3 месяцаў арышту.
Сума шкоды — 230 рублёў
Вольга Шаўрова паведаміла, што ўжо аплаціла нанесеную Піліпам шкоду
- за помнік Пушкіну — 62 рублі 88 капеек,
- за помнік міліцыянтам — 67 рублёў 87 капеек,
- за графіці «Свабоду Севярынцу» — 98 рублёў 18 капеек.
Агулам — 228 рублёў 93 капейкі.
Зь яе словаў, муж па-ранейшаму ў ізалятары на вуліцы Валадарскага, меру стрыманьня яму не зьмянілі.





