Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» прэзентуе батлеечны спектакль. Ён грунтуецца на «Аповесці пра Трышчана» — беларускім варыянце легенды пра рыцара Трыстана і каралеву Ізольду.
«Аповесць пра Трышчана» — найбольш поўны і ўнікальны славянскі варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай кельцкай легенды, перакладзены на беларускую ў свецкім асяроддзі ў другой палове XVI стагоддзя з сербскай крыніцы. Ён вылучаецца творчым падыходам да тэксту і багаццем беларускай літаратурнай мовы таго часу.
Батлейка — народны лялечны тэатр. Зараджэнне яго ў Беларусі адносіцца да канца XVI — першай паловы XVII ст. Арганізатарамі відовішчаў спачатку былі манахі каталіцкіх ордэнаў, вучні калегіюмаў, але скора батлейку перанялі мяшчане і сяляне, тэатр стаў народным.
Адметнасць батлейкі, якую прэзентуе «Стары Ольса» — жывое музычнае суправаджэнне ўсяго спектакля на старадаўніх інструментах.
У якасці тэатральнай скрыні выкарыстана старая шафа 1930-х, аздобленая барочнымі элементамі.
Прэм’ерныя паказы адбудуцца ў час вясновых школьных канікул. Спектакль разлічаны на малодшых і старэйшых школьнікаў, іх бацькоў і ўсіх цікаўных да старадаўняй культуры.
Квіткі каштуюць 12—15 рублёў, іх можна купіць анлайн.
Інфалінія: (44) 551-77-06, (29) 851-77-06
Падзея Укантакце
Падзея ў Facebook.





