Шыкоўная нерухомасць у Лондане, арыштаваная ў мінулым годзе як «неабгрунтаванае багацце», аказалася ўласнасцю дачкі і ўнука казахскага лідара Нурсултана Назарбаева. Іх абавязалі даказаць законнае паходжанне больш за 100 млн даляраў, на якія купленыя два асабнякі і апартаменты ў фешэнэбельных раёнах брытанскай сталіцы, піша BBC.

Асабняк з добрай аховай, падземным басейнам і кінатэатрам на адной з самых дарагіх вуліц краіны Бішопс-авеню, дом у прэстыжным раёне Хайгейт і вялікая кватэра ў Чэлсі былі арыштаваныя па запыце брытанскіх праваахоўных органаў вясной мінулага года. Тады ўлады паведамлялі, што нерухомасць звязана з палітычна заўважнай фігурай, але не называлі ні адрасоў, ні імёнаў.

Бі-бі-сі даведалася, што гэта за дамы і хто ў іх жыве, з адкрытых крыніц у выніку сумеснага расследавання з арганізацыямі Finance Uncovered і «Трансперэнсі Інтэрнэшнл». У аўторак суддзя Высокага суда Лондана дазволіла апублікаваць гэтую інфармацыю, не прыняўшы пярэчанняў уласнікаў.

Імі аказаліся Дарыга Назарбаева, спікерка сената Казахстана і дачка Нурсултана Назарбаева, і яе старэйшы сын Нуралі Аліеў з жонкай Аідай. Яны аспрэчваюць ў судзе арышт сваёй нерухомасці, набытай некалькі гадоў таму больш чым за 100 млн даляраў. Яе бягучы рынкавы кошт можа быць нашмат вышэйшы.

Арышт быў адным з першых актаў новай кампаніі, накіраванай на барацьбу з адмываннем сумніўных капіталаў праз куплю дамоў у Брытаніі. Інструмент гэтай барацьбы — ордар, які дазваляе канфіскаваць маёмасць, калі ўладальнік не дакажа, што яна нажыта сумленна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0