Малодшыя гэтага не памятаюць, а старэйшае пакаленне добра памятае. Калі пры СССР большасць цэркваў і касцёлаў была закрытая, а хто іх наведваў, рызыкаваў быць пакараным, людзі вымушана адзначалі вялікія рэлігійныя святы дома.

Пірог-пасху, яйкі-крашанкі і іншыя велікодныя стравы тады бласлаўляў сваёй малітвай старэйшы ў сям'і ці з прысутных.

Тое самае рабілі зняволеныя ў нацысцкіх і савецкіх канцлагерах, пазбаўленыя святарскай апекі. Пра гэта захаваліся цудоўныя ўспаміны, напрыклад, пісьменніцы Ларысы Геніюш.

Гэтае хатняе бласлаўленне не менш моцнае за царкоўнае.

Каб спыніць каранавірус, гэтае самае вялікае выпрабаванне нашага часу, рэкамендуецца заставацца дома і не збірацца ў людных месцах.

Каталіцкі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама заклікаў вернікаў святкаваць Вялікдзень дома і адмяніў традыцыйнае бласлаўленне велікодных страваў біскупамі, каб пазбегнуць збору вялікай колькасці людзей.

Таксама Кандрусевіч спецыяльным Дэкрэтам дазволіў вернікам сёлета здзейсніць бласлаўленне велікодных страваў у хатніх умовах.

Святую імшу з мінскай Катэдры можна глядзець анлайн:

Таксама 12 красавіка у 16:20 на тэлеканале «Беларусь 3» — жывая трансляцыя з Ватыкана Велікоднага паслання і благаславення «Гораду і свету» Папы Рымскага Францішка.

Праваслаўны свет адзначыць Вялікдзень 19 красавіка, а сёння ў праваслаўных — Вербніца.

Не забудзьцеся павіншаваць знаёмых і сяброў са святам.

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0