Фота Дзмітрыя Брушко

Фота Дзмітрыя Брушко

Каля двух дзясяткаў пазапланавых рэйсаў давялося зрабіць самалётам «Белавія», каб вярнуць дадому беларускіх турыстаў. Пра гэта тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў намеснік гендырэктара кампаніі Ігар Чаргінец, адзначае Радыё Свабода.

Паводле Чаргінца, толькі з Егіпта было вывезена 7,5 тысяч беларусаў і грамадзянаў іншых краін. Пры гэты дагэтуль застаюцца складанасці з вяртаннем неарганізаваных турыстаў з В'етнама, Інданезіі, Індыі, Тайланда.

«Арганізацыя рэйсаў вельмі складаная, — адзначыў Чаргінец. — Трэба рабіць мінімум адну пасадку на дазапраўку, а ў выпадку з Балі — па дзве па шляху ў той бок і назад. Гэта складана з тэхнічнага пункту гледжання для экіпажаў, цяжка для саміх пасажыраў, да таго ж каштуе вялікіх грошай».

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што з-за мяжы людзей вывозяць па мінімальнай цане квіткоў.

Раней Міністэрства спорту і турызму агучыла, што дапамога ў вяртанні спатрэбілася прыблізна 8 тысячам беларусаў, якія куплялі пуцёўкі і сутыкнуліся з закрыццём межаў з прычыны каранавіруса. Дакладная колькасць неарганізаваных турыстаў невядомая.

Ігар Чаргінец таксама расказаў, што пандэмія каранавіруса вельмі моцна ўмяшалася ў планы «Белавія» — пасажырапаток абваліўся на 90%. Да апошняга часу і авіякампанія, і Нацыянальны аэрапорт дэманстравалі рост — больш за 30% у параўнанні з мінулым годам. Цяпер жа вымушаныя мяняць планы закупкі самалётаў, карэктаваць новыя маршруты.

«Да канца мы яшчэ не адчулі сапраўдны маштаб бедства», — падсумаваў намеснік гендырэктара «Белавія».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0