Старшыня Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў выступіў з крытыкай на адрас міністра аховы здароўя Беларусі, паведамляе Tribuna.

— У АБФФ кажуць, што могуць прыпыніць чэмпіянат, калі будзе дастаткова падстаў. Што гэта за падставы?

— Мы маніторым сітуацыю пастаянна. Мы на сувязі з Міністэрствам аховы здароўя, з урадам. Мы цесна працуем і будзем, натуральна, усё аналізаваць. У панядзелак-аўторак будзе зразумела.

— Тры, чатыры тысячы хворых — гэта дастатковыя падставы? Ці, можа, штодзённы прырост па 400 захварэлых?

— Гэта таксама псіхоз. Паглядзіце на становішча ў іншых краінах. Нямеччына ўжо здымае каранцін. Вы зразумейце, не павінна быць гэтага. Людзі хварэлі, хварэюць і будуць хварэць. Ну а мы павінны сачыць: успышка там ці не. Можа, гульню перанесці кудысьці, калі спатрэбіцца. Па Віцебску казалі шмат… Але ж там выпаў снег.

— Пры гэтым міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік кажа, што з-за каранавіруса.

— Гэта наогул не Караніка справа — агучваць такія моманты. Там сапраўды выпаў снег. Гуляць было немагчыма, — сказаў Базанаў.

Размова ідзе пра матч 3-га тура чэмпіяната краіны «Віцебск» — «Смалявічы», што меўся прайсці ў горадзе 4 красавіка. Напярэдадні «Прэсбол» паведаміў, што гульня перанесена ў Барысаў з-за складанай эмідэміялагічнай абстаноўкі. Пазней АБФФ заявіла, што прычынай пераносу матча называюць «складаныя ўмовы надвор'я», праз якія «стан поля выклікаў засцярогі». На наступны дзень ФК «Віцебск» апублікаваў фатаздымкі пакрытага снегам поля, што выклікала жарты ў сацсетках. 

У мінулую суботу, 11 красавіка, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік на брыфінгу заявіў, што ў гарадах, дзе неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя, матчы не праводзяць, прыклад таму — Віцебск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0